МІНСК, 14 сак — Sputnik. Італьянскі футбольны клуб "Інтэр" адкрыў у Беларусі футбольную акадэмію, паведамляе карэспандэнт Sputnik.
Цырымонія падпісання пагаднення са сталічнай школай Мікалая Мурашкі адбылася ў сераду, 14 сакавіка, у Доме футбола. Спецыяльна для гэтага ў беларускую сталіцу прыбыў тэхнічны дырэктар "Інтэра" Марка Монці.
"Увядзенне трэніровак ФК "Інтэр" для нашых дзяцей — у духу апошніх павеваў у беларускім футболе. У нас да нядаўняга часу трэніравалі дзяцей па савецкай методыцы. Яе недахоп у тым, што дзяцей рыхтуюць як дарослых спартсменаў. Такі падыход можа зламаць і здароўе, і непадрыхтаваную псіхіку дзіцяці", — сказаў Мурашка.
Паводле яго слоў, у дзіцячым узросце важна не адбіць любоў да футбола і навучыць атрымліваць ад яго задавальненне.
Вучні акадэміі будуць трэніравацца на футбольным полі на вуліцы Сярова, яно было прынята тэхнічнымі спецыялістамі з Італіі. Пакрыццё для поля было выраблена ў Бергамо.
"Інтэр" 18 разоў станавіўся чэмпіёнам Італіі, сем разоў выйграваў Кубак і пяць разоў станавіўся ўладальнікам Суперкубка. Міланскі клуб тройчы станавіўся чэмпіёнам Лігі чэмпіёнаў, тройчы перамагаў у Кубку УЕФА, выйграваў Клубны чэмпіянат свету. Акадэміі, дзе трэніруюць юных спартсменаў па методыкам ФК "Інтэр", працуюць у Італіі, Бразіліі, Японіі, Кітаі, Аргентыне, а цяпер сваіх "нерадзуры" будуць рыхтаваць і ў Беларусі.