МІНСК, 15 сак — Sputnik. Імправізаванае палесскае вяселле на філфаку БДУ зладзілі беларускія фальклёрныя калектывы "Этнасуполка" і "Агнявец", паназіраў за ім і карэспандэнт Sputnik.
"Гэтую праграмму са студэнтамі чацвёртага і другога курсаў мы прывезлі з падарожжа па Палессі. Падчас фальклёрнай экспедыцыі ў Лельчыцкі раён мы запісалі шмат песень — стрэчанні, радзімныя, хрэсьбінныя. Ва ўсіх вёсках, дзе мы пабывалі, да гэтых дзён трымаецца сувязь з вясельнай традыцыяй: яны вельмі дасканала памятаюць, як ладзілі вяселле нашы продкі", — расказала старшы выкладчык кафедры этналогіі і фальклёру Універсітэта культуры і мастацтваў і мастацкі кіраўнік калектываў Таццяна Пладунова.
Абрад "Вяселле на лельчыцкім Палессі" — гэта мастацкая інтэрпрэтацыя ўсяго, што давялося пабачыць пачынаючым этнографам падчас сваіх падарожжаў.
У адпаведнасці са старадаўняй традыцыяй вясельны шлях пачынаўся з любошчаў — знаёмстваў хлопца з дзяўчынай. Вялікая ўвага надавалася сватанню і самому вяселлю. Існавала шмат традыцый, якія былі характэрнымі менавіта для палескага рэгіёну. Напрыклад, у першы дзень вяселля дзяўчаты прыносілі елку. Яна была сімвалам маладой, яе цнатлівасці і прыгажосці, таму сваты абавязкова спачатку павінны былі выкупіць дрэўца.
"Сватанне пачыналася з баярачак або маршалачак — гэта так званыя пікіроўкі паміж прадстаўнікамі жаніх і нявесты. Пасля выкупу пачыналася вяселле ў маладой, якое таксама суправаджалася спевамі. Увогуле, менавіта напевы і музыка дазваляюць даведацца пра тыпавыя традыцыі", — дадала Таццяна Пладунова.
Праграма завяршаецца фільмам Рэгіны Гамзовіч, якая ў вёсцы Дзяржынск зняла завіванне маладой. Нявесту ў прыгожым вянку, які толькі сплялі яе маршалачкі, завіваюць спецыяльным уборам, і яна з нявесты пераўтвараецца ў жонку.