Будучыя выхадныя ў Мінску будуць багатымі на мерапрыемствы: можна схадзіць на канцэрт ці незвычайную выставу, прыкупіць што-небудзь на кірмашах, паспрабаваць кактэйль Мінска, пабываць на прэм'еры ў кіно і не толькі. Sputnik сабраў у традыцыйную падборку самыя цікавыя падзеі 17-18 сакавіка.
Канцэрты
У суботу 17 сакавіка на пляцоўцы Prime Hall з маштабнай праграмай "Альхімейра" выступіць вядомы фолк-рок-гурт "Мельница". Абяцаюць старанна прадуманы трэкліст і яркі візуальны шэраг.
У вялікай зале КЗ Мінск 17 і 18 сакавіка будзе праходзіць 1/8 фіналу Тэлевізійнай Міжнароднай Лігі КВЗ, якая вось-вось пачне новы сезон. На працягу двух дзён будуць змагацца каманды з розных гарадоў Беларусі, Расіі, Кыргызстана і Казахстана.
Кірмашы з дызайнерскімі рэчамі
У гандлёва-забаўляльным цэнтры ARENAcity у выхадныя зноў разгорнецца кірмаш Sarafan market: можна будзе купіць аўтарскія штучкі, модныя ўпрыгажэнні і аксэсуары, сувеніры, стыльныя інтэр'ерныя дробязі, цацкі, прысмакі і не толькі.
Яшчэ адзін кірмаш з падарункамі ручной працы пройдзе ў ГЦ "Скала". Тут будзе таксама розыгрыш прызоў. Уваход на абодва мерапрыемствы вольны.
Фестываль барнай культуры
У суботу ў прасторы Ok16 адкрыецца мульцібар, які аб'яднае розныя ўстановы Мінска. Тут пройдуць майстар-класы (напрыклад, гасцей навучаць майстэрству ўдалага спалучэння напою і закускі), прагучаць dj-сэты, будзе прадстаўлена аўтарскае баранае меню, а знаўцы падзеляцца лайфхакамі.
Акрамя таго, прадставяць кактэйль Мінска, над стварэннем якога працавала каманда: гісторык, падарожнік, архітэктар, музыка і, вядома, бармэн.
Cямейны фестываль
У адукацыйным комплексе "Горад Сонца" 18 сакавіка пройдзе Дзень сям'і. У праграме — тэатр святла і цені, сямейны флэшмоб, актыўныя гульні і спаборніцтвы, канструяванне з лега, кулінарны майстар-клас з дэгустацыяй і гарачымі напоямі, творчыя майстэрні і не толькі.
Выставы: віртуальная рэальнасць, графіка Далі і жывыя палотны
На працягу ўсіх выхадных у ГЦ Dana Mall адкрыта інтэрактыўная выстава Future Live. У акулярах віртуальнай рэальнасці прапануюць зірнуць на свет, населены незямнымі істотамі, чароўнымі кветкамі і іншапланетнымі раслінамі. За наведванне прыйдзецца заплаціць ад 10 да 18 рублёў (ёсць больш выгадныя сямейныя білеты).
У Гістарычным музеі ўсё яшчэ даступная выстава ілюстрацый "Боскай камедыі", створаных Сальвадорам Далі да святкавання 700-годдзя Дантэ Аліг'еры. Сто арыгінальных графічных работ трапілі ў беларускую сталіцу з прыватнай італьянскай калекцыі. У рамках выставы пройдуць чытанні, прагляды фільмаў і лекцыі.
У ангары Ok16 працягваецца мультымедыйная выстава-шоу "Імпрэсіянізм.LIVE" з сотні карцін. Праект створаны спецыялістамі з Вялікабрытаніі, Літвы і Беларусі ў фармаце выставы з "жывымі" палотнамі і мноствам спецэфектаў.
Гастрафестываль з агульным коштам і Дзень святога Патрыка ў кафэ
Фінальны дзень Gastrofest. Saint Patrick's Day — субота, а значыць, толькі ў гэты дзень у 20 кавярнях Мінска за 12 рублёў можна паспрабаваць сэт, які закліканы дапамагчы дэгустатару адчуць сябе сапраўдным ірландцам.
Дарэчы, Дзень святога Патрыка ў будучыя выхадныя святкуюць у многіх установах горада. Напрыклад, у прасторы "Верх" за 12-23 рублі абяцаюць маштабную канцэртную праграму з танцамі; у рэстаранах BEERFEST, Beerжа і "Старамесны півавар" — кампліменты ад шэф-повара ўсім гасцям у зялёным.
Новыя фільмы
Традыцыйна ў чацвер у пракат выйшла некалькі кінапрэм'ер. Увесь уікэнд у большасці кінатэатраў горада будуць даступныя такія карціны, як баявікі "Tomb Raider: Лара Крофт" і "Рабаванне ва ўраган", фільм жахаў "Краіна зданяў", драмы "Лэдзі Берд" і "Можна толькі ўявіць", а таксама мультфільм "Шэрлак Гномс".