МІНСК, 17 сак — Sputnik. Прадстаўніца Беларусі Марына Зуева заваявала срэбра на этапе Кубка свету па канькабежным спорце, які праходзіць на авале "Мінск-Арэны".
Беларуска на дыстанцыі 3000 метраў паказала вынік 4 хвіліны 11,63 секунды і заняла другое месца. Перамогу святкавала бронзавая медалістка Алімпіяды 2018 — прадстаўніца Галандыі Антуанета дэ Йонг (4.08,85). Тройку лепшых замкнула Івэйн Блондэн з Канады (4.11,77).
Беларуская канькабежка Зуева ўпершыню ў кар'еры заваявала ўзнагароду на этапе Кубка свету.
На старт выходзіў і 20-гадовы беларус Ігнат Галавацюк. З вынікам 1.11,07 ён заняў дзесятае месца на дыстанцыі 1000 метраў. Золата дасталася двухразоваіу алімпійскаму чэмпіёну Гульняў 2018 — галандцу К'елду Нэйсэ (1.09,23), на другім месцы — яшчэ адзін прадстаўнік Нідэрландаў Кай Вярбей (1.09,40). Бронзу заваяваў алімпійскі чэмпіён Гульняў 2018 нарвежац Ховард Холмефьёрд Ларэнца (1.09,45).
Мінскі этап Кубка свету завяршае алімпійскі сезон лепшых канькабежцаў планеты. У беларускую сталіцу прыбылі каля 80 спартсменаў з 16 краін.