Пад гукі адной з самых папулярных народных карэйскіх песень "Арыран" на Алімпійскім стадыёне прайшла ўрачыстая цырымонія закрыцця XII зімовых Паралімпійскіх гульняў.
У Паўднёвую Карэю ўжо прыйшла вясна, таму галоўным сімвалам цырымоніі сталі кветкі. Вялікія кветкавыя фігуры на арэне прадстаўлялі віды спорту з праграмы Гульняў. Агонь Паралімпіяды быў згашаны ў канцы рытуальнага карэйскага танца "Салпуры", у якім танцорка выкарыстала белы шалік як сродак адначасова для выгнання злых духаў і для дасягнення духоўнага ачышчэння.
У ходзе цырымоніі прэзідэнт Міжнароднага паралімпійскага камітэта Эндру Парсанс перадаў паралімпійскі сцяг мэру Пекіна Чэнь Цзыніну: у Кітаі пройдуць наступныя Гульні.
Зімовыя Паралімпійскія гульні-2018, якія праходзілі з 9 па 18 сакавіка ў паўднёвакарэйскім Пхенчхане, афіцыйна абвясцілі закрытымі.
Беларуская зборная па выніках Гульняў заняла восьмы радок у агульным медальным заліку. Атлеты пераўзышлі ўсе чаканні і заваявалі 12 узнагарод: па чатыры золата, срэбра і бронзы. Гэты вынік можна назваць ашаламляльным, асабліва з улікам таго, што на Паралімпіядзе Беларусь прадстаўлялі 15 спартсменаў у двух відах спорту: лыжным і біятлоне.
Пераможцам стала каманда ЗША, якая заваявала 36 узнагарод (13 залатых, 15 сярэбраных і 8 бронзавых) — яна была прадстаўлена 68 спартсменамі. Расійскія спартсмены ў Пхенчхане выступалі ў статусе "нейтральных паралімпійскіх атлетаў" (NPA) і ва ўсечаным складзе, у колькасці 30 чалавек. Каманда выйграла 8 залатых, 10 сярэбраных і 6 бронзавых узнагарод, заняўшы другое месца. Трэцяе месца ў медальным заліку Паралімпіяды 2018 — у зборнай Канады, у якую ўваходзілі 55 атлетаў, яны прывязуць у сваю краіну 28 медалёў (8-4-16).