МІНСК, 20 сак — Sputnik. Тэатр старадаўняй культуры "Яварына" выступіць на III міжнародным купальскім folk-fire фестывалі "Свята Сонца", які пройдзе ў музеі "Дудуткі" 16-17 чэрвеня, паведамілі арганізатары.
Артысты "Яварыны" захапляюць арыгiнальнай творчасцю, у якой сумяшчаюцца музыка праз гучанне такіх інструментаў, як дуда, жалейка і цыстра, і сярэднявечныя танцы, фаер і неонавае шоу. У рэпертуары "Яварыны" — народныя, гарадскія і прыдворныя танцы, музыка беларускага і еўрапейскага Сярэднявечча і Рэнесанса.
Калектыў быў створаны ў 2003 годзе і з самага пачатку працуе пад кіраўніцтвам Маргарыты Кубенкевіч.
Атрымаць асалоду ад выступу калектыва госці фестываля змогуць падчас аднаго з асноўных блокаў праграмы — оpen-air канцэрта. Сярод удзельнікаў ужо абвешчаны госці мінулых фэстаў: беларускія гурты "IRDORATH", "PAWA" і госці з Кіева — "FRAM". Упершыню на сцэну Музея ў Дудутках падымуцца эксперыментатары "Re1ikt", якія ўдала спалучаюць свае музычныя плыні з традыцыйным беларускім песенным фальклорам, робячы яго актуальным і незвычайным для слухачоў.
Падрабязнасці можна знайсці на афіцыйным сайце фестывалю ці ў сацыяльнай сетцы "УКантакце".
Поўны спіс удзельнікаў арганізатары — Экстрым-тэатр "Берсерк" і музей "Дудуткі" — абяцаюць раскрыць на гэтым тыдні.