МІНСК, 21 сак — Sputnik. Штогадовы моладзевы рэп-фэст "Уключай біт" стартуе 28 сакавіка ў 19:00 у мінскім рэстаране-клубе Loft Café, паведамляецца ў суполке фэсту "УКантакце".
Сцэна будзе прадстаўлена трыма секцыямі:
- батл-секцыя (19:00 – 21:00)
- секцыя беларускамоўнага рэпу (21:00 – 22:00)
- секцыя рускамоўнага рэпу (21:30 – 00:00)
Арганізатары фэсту абяцаюць больш за 5 гадзін файнай музыкі і суцэльнага адрыву. Удзельнікамі рускамоўнай і беларускамоўнай секцый фестывалю "Уключай біт" з’яўляюцца рэпэры Бакей, SVT, аб'яднанне M.U.Skool, Zeman, Belaroots, Mixday, MikZa, Sainty і многія іншыя.
У рамках секцый наведвальнікі атрымаюць магчымасць пагутарыць з кожным з выканаўцаў, атрымаць аўтограф і зрабіць сумесны здымак.
У батл-секцыі фэсту выступяць беларускія рэпэры, якія будуць змагацца за каштоўныя прызы: сертыфікаты на хіп-хоп-вопратку, запіс у студыях, магчымасць выступаць на далейшых канцэртах і іншыя.
Сабраныя на мерапрыемстве грошы пойдуць на дабрачыннасць. Рэп-музыкі наведаюць адзін са сталічных дзіцячых дамоў і правядуць дабрачынную акцыю.