МІНСК, 21 сак — Sputnik. Сцены Касцёла Найсвяцейшай Тройцы на Залатой Горцы ў Мінску пайшлі расколінамі, зараз збіраюцца грошы на капітальны рамонт будынка.
Неадкладны збор сродкаў праз краудфандынгавую кампанію абвясціў пробашч ксёндз Юры Санько.
"Веру, што разам мы зможам ажыццявіць гэты праект. З малітвай за ахвярадаўцаў і ўсіх, хто прычыніўся і прычыніцца да гэтай важнай справы", — напісаў ён на старонцы ў "Фэйсбуку".
Апошні капітальны рамонт касцёла быў зроблены ў 1986 годзе. У 2015 годзе сродкамі вернікаў быў заменены дах і
ўзмоцнены сцены. У 2017 годзе адноўлена алтарная частка, часткова заменена падлога і пабудаваны галоўны алтар.
Касцёл Святога Роха — помнік архітэктуры XIX стагоддзя, тут знаходзіцца самая старажытная каталіцкая парафія, заснаваная ў XIV стагоддзі каралём Ягайлам. Першапачаткова ён размяшчаўся на Траецкай Гары і змяніў месца знаходжання ў XIX стагоддзі.
У лютым гэтага года ў касцёле пахавана ўрна з прахам Магдалены Радзівіл. На мерапрыемстве прысутнічалі яе нашчадкі, прадстаўнікі польскай амбасады і сотні вернікаў. Урна з прахам была размешчана ў левай сцяне касцёла.