МІНСК, 22 сак — Sputnik. Выстава жывапісных і графічных работ Аляксандра Ісачова "Ля забытых алтароў" адкрылася ў мінскай галерэі "Арцель". Яна прымеркавана да 30-годдзя выставы мастака ў палацы Прафсаюзаў — людзі тады выстойвалі вялізныя чэргі, каб зірнуць на творы Ісачова.
На выставе прадстаўлены каля 70 эскізаў і карцін з калекцыі Алега Арлова. Мастак, музыкант, калекцыянер твораў мастацтва, ён з пачатку нулявых гадоў збірае работы Аляксандра Ісачова і гаворыць, што ў тым, як складалася яго калекцыя, ёсць нешта містычнае.
Так, літаральна месяц таму яму ўдалося купіць часткі страчанай карціны "Магія" — яны на працягу 35 гадоў захоўваліся ў жыхара Рэчыцы.
Таксама на выставе можна ўбачыць фрагмент няскончанай карціны "Дыяніс", разарванай папалам самім мастаком.
Выстава "Ля забытых алтароў" — 17-я па ліку ў Беларусі. Кожны раз выстава твораў Ісачова прыцягвае мноства аматараў мастацтва.
"Я бачыў, як людзі плачуць, стоячы перад карцінамі", — распавёў Алег Арлоў.
У сваёй творчасці Аляксандр Ісачоў звяртаўся да рэлігійнай і міфалагічнай тэматыкі. Сярод прадстаўленых на выставе карцін — знакамітыя палотны "Ісус Хрыстос", "Дрыяда", "Ізіда".
Па словах Алега Арлова, жывапіс Ісачова ні аднаго чалавека не пакідае абыякавым: хтосьці хваліць мастака, які рана пакінуў гэты свет, хтосьці, у асноўным людзі з прафесійнай мастацкай адукацыяй, называе яго творы кічам. Але нельга не прызнаць, што Ісачоў, які год не дажыў да ўзросту Хрыста, што сумна і строга пазірае на наведвальнікаў галерэі з яго карцін, пакінуў гіганцкую культурную спадчыну, палотны Ісачова знаходзяцца ў прыватных калекцыях па ўсім свеце, і нават два экс-прэзідэнта — Жак Шырак і Рональд Рэйган — захоўваюць карціны рэчыцкага мастака.
Жыццю і творчасці Аляксандра Ісачова прысвечаны шматлікія артыкулы — не толькі ў прэсе, але і ў акадэмічных выданнях, выпушчана некалькі каталогаў яго твораў, а ў 1987 годзе на кінастудыі "Беларусьфільм" выйшаў паўнаметражны дакументальны фільм "Не плачце па мне…" рэжысёра Анатоля Алая, асноўная частка якога была знятая падчас першай выставы мастака.
Аляксандр Ісачоў нарадзіўся 11 студзеня 1955 года ў пасёлку Азарычы Калінкавіцкага раёна Гомельскай вобласці. У пачатку 70-х гадоў жыў у Ленінградзе, дзе ствараў абстрактныя і сюррэалістычныя карціны і ўдзельнічаў у выставах мясцовага андэграўнду. У сярэдзіне 1970-х Ісачоў вярнуўся ў Рэчыцу, дзе і стварыў свае асноўныя творы. Ён напісаў мноства ікон для Рэчыцкай царквы, распісаў храм у Мазыры. 5 снежня 1987 года (праз тры днi пасля заканчэння першай у сваім жыцці персанальнай выставы ў Рэчыцы, якую наведала каля 20 тысяч гледачоў) Ісачоў памёр ад сардэчнага прыступу каля мальберта ў сваёй майстэрні. За свае 32 гады Аляксандр Ісачоў стварыў каля 500 жывапісных карцін і тысячы графічных работ.