МІНСК, 25 сак — Sputnik. Беларускі сінці-поп гурт ili-ili напярэдадні прэзентаваў новы фармат і новае гучанне на Камернай сцэне Купалаўскага тэатра. Разам з аматарамі касмічнай музыкі на канцэрце пабываў і карэспандэнт Sputnik.
Першым словам на новай старонцы ў гісторыі гурта Купалаўскі стаў невыпадкова. Заснавальнікі і ўдзельнікі ili-ili — артысты тэатра Міхаіл Зуй і Дзмітрый Есяневіч. Разам з Эрыкам Арловым-Шымкусам, Ігарам Юшкевічам і Віталем Кулеўскім яны прапанавалі слухачам сумесь космаса з электроннымі бітамі і, здаецца, атрымалася выдатна.
На гэты раз найстарэйшы прафесійны беларускі тэатр і галоўная драматычная пляцоўка краіны праявіў сябе з новай, дагэтуль незнаёмай стараны. На некалькі гадзін Камерная сцэна пераўтыварылася ў канцэртную залу і адмысловы касмічны карабель адначасова, якім кіравалі хлопцы гурта ili-ili.
Са сцэны гучалі знаёмыя і новыя трэкі. Не абыйшлося без пілотнага "Мабыць ", які самі музыкі называюць "першым крокам на шляху асэнсавання сябе, уласнай цэльнасці і творчай звышзадачы". Давялося пачуць і любімыя многімі "Я вернусь" і "Танчыць". Нават знакамітая кампазіцыя гурта Zdob Si Zdub "Видели ночь" загучала па-новаму незвычайна ў выкананні ili-ili.
Увесь час разам з імі на сцэне быў авангардны музыка Сяргей Пукст і яго неіснуючы шансанье Георгій Дабро. Ён дапамагаў кіраваць думкамі слухачоў, падштурхоўваючы іх да пэўных трэкаў сваімі разважаннямі.
Гурт існуе з 2011 года, а значыць у гэтым годзе адзначыць толькі свой сёмы дзень нараджэння. На рахунку ili-ili два альбомы: "Past Perfect", "List" і адзін міні-альбом "post01". Нягледзячы на такі малады ўзрост творчага аб'яднання, музыкі змаглі запаліць сваю публіку неверагоднай энергетыкай.
Свет, гук і ўтульнасць малой сцэны выдатна дапаўнялі адзін аднаго, а спалучэнне касмічнай энергіі і электронных фраз зрабілі вечарыну філасофскай і адначасова лёгкай. Такое пачуццё легкасці і прагнасці да жыцця бывае менавіта вясной, калі свет прачынаецца ад зімовай спячкі і пачынае жыць і гучаць па-новаму, як гурт ili-ili.