МІНСК, 26 сак – Sputnik. Трэці Міжнародны фестываль майстроў мастацтваў "Стракаты цюльпан" пройдзе ў Брэсце 23-25 мая, паведамляецца на сайце мерапрыемства.
Пляцоўкай форуму стане Брэсцкі акадэмічны тэатр драмы. Удзел у фестывале прымуць прадстаўнікі пяці дзяржаў: Беларусі, Расіі, Францыі, Польшчы і Японіі.
Фестываль праводзіцца ў Брэсце ўжо ў трэці раз. Тэмай гэтага году стала сцэнічнае мастацтва ХХ стагоддзя.
У першы дзень фестывалю выступяць зоркі Марыінскага і Міхайлаўскага тэатраў, а таксама Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Рэспублікі Беларусь. На канцэрце прагучаць творы расійскіх, польскіх і французскіх кампазітараў мінулага стагоддзя.
На другі дзень адбудзецца прэм’ера спектакля "Таполі і вецер" расійскага Тэатра сучаснай харэаграфіі "Ballet.Theatre". Таксама ў канцэрце прыме ўдзел трыа з Мінска з запальным "Шоў барабаншчыкаў "Стрэс". Напрыканцы гледачы ўбачаць спектакль "Фрыда", прысвечаны мастачцы Фрыдзе Кало, у пастаноўцы пецярбуржскага тэатра фламенка "Fabrica de Tabaco".
Арганізатарамі форуму з’яўляюцца Брэсцкі акадэмічны тэатр драмы і прадпрыемства "ГудПауэр" пры падтрымцы дыппрадстаўніцтваў Польшчы і Францыі ў Брэсце.