МІНСК, 29 сак — Sputnik. Аўстрыйская кампанія Fischer можа адкрыць вытворчасць лыжнага інвентару ў Беларусі, заявіў кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка ў час сустрэчы з прызёрамі Алімпійскіх і Паралімпійскіх гульняў 2018 года.
"Усе праблемы зімовых відаў спорту абмяркуем на бліжэйшым нарадзе. Тым больш, усе даручэнні я асабіста раздаў. І лыжы, і палкі — з "Фішэрам" вядзем перамовы. Яны ўжо гатовыя з Украіны перанесці сюды вытворчасць. Таму што з Украіны зачыненыя на Расію пастаўкі. Ім лепш тут працаваць", — цытуе Лукашэнку БелТА.
Паводле слоў прэзідэнта, ён ужо апрабаваў спартыўны інвентар кампаніі Fischer. Лукашэнка пахваліў лыжы.
"Калі яны перанясуць сюды вытворчасць, гэта будуць лыжы для падрыхтоўкі спартсменаў высокага ўзроўню. А далей ужо індывідуальна будзеце падбіраць", — працягнуў беларускі лідэр.
Лукашэнка таксама звярнуў увагу на неабходнасць вытворчасці айчыннага спартыўнага інвентара. А набыццё замежнага, найбольш сучаснага і перадавога будзе вырашацца ў кожным канкрэтным выпадку для спартсменаў высокага класа.
Ён не пакінуў па-за ўвагай інвентар для атлетаў-паралімпійцаў. "Калі трэба хлопцам і дзяўчатам — у рэшце рэшт трэба купіць і прывезці сюды самыя сучасныя. Іх жа няшмат патрэбна", — адзначыў Лукашэнка.
Пры гэтым ён дадаў, што, магчыма, у Беларусі змогуць у гэтым кірунку сканструяваць нават лепшыя мадэлі, чым ёсць у свеце.