https://bel.sputnik.by/20180330/dzen-rybalova-karp-selyadzec-1034528101.html
Адзначаем Дзень рыбалова, ці Як з карпа зрабіць селядца
Адзначаем Дзень рыбалова, ці Як з карпа зрабіць селядца
Sputnik Беларусь
Этнограф Ларыса Мятлеўская заклікае аматараў рыбалкі на возера, а гаспадыням прапануе новы рэцэпт стравы са свежага карпа. 30.03.2018, Sputnik Беларусь
2018-03-30T11:23+0300
2018-03-30T11:23+0300
2022-04-14T15:49+0300
спадчына
у беларусі
галоўнае
культура
беларусь
ларыса мятлеўская
беларуская кухня
https://cdnn11.img.sputnik.by/img/102213/27/1022132722_0:81:1600:985_1920x0_80_0_0_769e30e745d49f59460adfba0ad5ac6d.jpg
30 сакавіка ў народзе адзначаюць Дзень рыбалова, які прыпадае на прысвятак Аляксей Цёплы. Самы час выпраўляцца на рыбалку.На Палессі кажуць, што на "Аляксея лёд такі слабы, што яго і рыба хвастом разаб'е". І сапраўды, час для лова рыбы самы што ні ёсць спрыяльны: згаладалая за зіму рыба шукае ежу, падымаецца з цёмных глыбінь вадаёмаў на паверхню, каб пагрэцца на вясновым сонейку і глынуць кіслароду, якім менавіта гэтым часам багатая вада.Шчупакі
У гэты дзень таксама існавалі пэўныя забароны на гаспадарчую працу, таму сяляне адпачывалі. Забыцца на строгія правілы маглі толькі аматары рабнага лову: яна апантана плялі сеткі, аглядалі іншыя рыбалоўныя прылады. У народзе так і казалі: "Аляксей сеці садзіць, лодкі смаліць, рыбу коліць".Канец свету настане, калі перакуліцца вялізная рыбаЗанятак рыбнай лоўляй вядомы на Беларусі з часоў палеаліту: да распаўсюджання земляробства яна была амаль адзінай крыніцай існавання мясцовага насельніцтва. Пра гэта сведчаць знаходкі археолагаў на стаянках першабытных людзей: касцяныя кручкі, вастрыі гарпуноў, асцей, сеткавыя грузілы. Выявы рыб сустракаюцца на касцяных рэчах, косткамі замест іголак сшывалі адзенне, а з пазванкоў жанчыны рабілі пацеркі і завушніцы.Мабыць, такія ўпрыгожванні былі нечым большым, таму што паводле балта-славянскай міфалогіі рыба — выразнік мужчынскага пачатку бо атаясамліваецца з апладняльнай стыхіяй вады.Акрамя таго, нашы продкі верылі, што зямля трымаецца на велізарнай рыбе і калі па нейкай прычыне яна перакуліцца, то настане канец свету. Калі ж яна проста варушыцца, то чакай землятрусаў.Крыху гісторыіПрадаваць рыбу на беларускіх кірмашах пачалі ў феадальны перыяд, але прамысловага рыбалоўства у тыя часы практычна не было: рыбу лавілі ў асноўным для сябе. Прыгонныя рыбаловы пастаўлялі рыбу ў маёнткі і духавенству. Яны ж павінны былі вязаць сеткі, віць невадныя вяроўкі, рамантаваць снасці. Гэта называлася "хадзіць да панскага неваду". Акрамя гэтага часта пры маёнтках і манастырах меліся людзі, асноўнай працай, якіх была лоўля рыбы.Разводзіць рыбу ў Беларусі пачалі толькі ў Сярэднявеччы. Актыўна рабілі запруды і капалі сажалкі, ў якіх самавольна рыбу лавіць было нельга. Пакаранне за гэта было ўстаноўлена Статутам Вялікага княства Літоўскага 1588 года.Рыбак з настаўкай на возеры Нобель. Фота з кнігі Гражыны Рушчык "Палессе. Фотаздымкі 1937 года"
Прагрэсу развіццё прамысловага рыбалоўства дасягнула тады, калі адмянілі прыгоннае права. З ростам гарадскога насельніцтва павялічылася патрэба ў харчовых прадуктах, у тым ліку і рыбных. Рыбу стала магчымым прадаваць за грошы. Увод у эксплуатацыю чыгуначных ліній даваў магчымасць не толькі транспарціраваць рыбу ў гарады і мястэчкі беларускіх губерняў, але і вывозіць яе за мяжу. Напрыклад, у Германію экспартавалася рыбная луска, якая выкарыстоўвалася пры вырабе штучнага жэмчугу.У другой палове ХІХ — пачатку ХХ стагоддзяў вадаёмамі на Беларусі валодалі казна, памешчыкі, манастыры і сялянская грамада. Большасць з іх здавалася ў арэнду. Арандатары стваралі арцелі рыбакоў, а злоўленая рыба збывалася скупшчыкам, якія прадавалі яе на кірмашах.Калі рыбна, дык і юшнаКалісці ж у мінскіх вадаёмах была процьма рыбы. Этнограф, журналіст, фалькларыст Павел Шпілеўскі, вандруючы па Мінскай губерніі ў 1853-55 гадах пісаў: "Досыць зазірнуць на Нясвіжскі кірмаш, на таргі мінскія, слуцкія, пінскія, мазырскія і рэчыцкія, на безліч усялякіх гатункаў свежай вэнджанай рыбы, якая прадаецца на іх, каб атрымаць ясны доказ добрага стану рыбацтва ў старажытным месцазнаходжанні крывічоў. Рыбам рэчак і азёр Мінскай губерніі няма ліку, аднак узгадаем некаторыя з іх: самы, бялугі, асётры, шчупакі, судакі, ліны, карасі, ляшчы, вугры, цырты, беларыбіца, уюны…".Рыба на прылаўку
Разводзіць карпаў і фарэль (стромгу) некаторыя памешчыкі пачалі яшчэ больш за 100 гадоў таму. Рыбаводныя гаспадаркі меліся ў маёнтку Альба князя, маёнтку Смаляны памешчыка Цітова, маёнтку Пескі памешчыка Паслаўскага.Пэўны час у гэтай справе быў зацішак. Затое цяпер сэрца цешыць сапраўднае адраджэнне рыбаводнай справы. Немала гаспадарак прадстаўляюць сваю прадукцыю па кірмашах малых і буйных гарадоў Беларусі.Як з карпа атрымаць селядзецСёння прапаную прыгатаваць "селядзец з карпа", рэцэптам якога падзялілася Галіна Ціхан з вёскі Востраў Ганцавіцкага раёна Брэсцкай вобласці.Трэба адзначыць, што цуды ператварэння рыбы аднаго гатунку ў другі — з'ява ў беларускай кулінарыі вядомая. Калі жаданай рыбы не было, вынаходлівыя кухаркі гатавалі страву з іншай рыбы, дасягаючы блізкага смаку. Напрыклад, гартаючы старонкі кулінарна-гаспадарчай энцыклапедыі "Літоўская гаспадыня" можна даведацца як прыгатаваць "хатнюю траску са шчупака" і "хатняга ласося з вэнджанага сома".Карп на кірмашы
Практыка паказала, што сучасным гаспадыням вядомы тыя старыя хітрыкі і калі ў вясковую краму раптам не завезлі любімых селядцоў, а салёнай рыбы хочацца, то можна зрабіць іх з карпа.Інгрыдыенты:Як гатаваць расол:У халодную ваду усыпаць соль, пакласці лаўровы ліст і перац гарошкам, давесці да кіпення і ўліць воцат, гатаваць яшчэ тры хвіліны, зняць з агню і астудзіць.Як гатаваць селядзец:Пачысціць ад лускі карпа, выпатрашыць, адрэзаць галаву, хвост і плаўнікі, памыць, парэзаць на кускі шырынёй у 2 см, пакласці ў расол з вады, солі, спецый і воцату на дваццаць чатыры гадзіны пад гнёт.Прасаліўшуюся рыбу дастаць з расолу, паліць алеям, пакласці асобна нарэзаную кольцамі цыбулю і падаваць да стала з варанай бульбай.Смачна есці і да сустрэчы!
беларусь
Sputnik Беларусь
media@sputniknews.com
+74956456601
MIA „Rossiya Segodnya“
2018
Sputnik Беларусь
media@sputniknews.com
+74956456601
MIA „Rossiya Segodnya“
Навіны
ru_BY
Sputnik Беларусь
media@sputniknews.com
+74956456601
MIA „Rossiya Segodnya“
https://cdnn11.img.sputnik.by/img/102213/27/1022132722_0:30:1600:1036_1920x0_80_0_0_489dd0a2c73b8f2bf721fa07f68e10d0.jpgSputnik Беларусь
media@sputniknews.com
+74956456601
MIA „Rossiya Segodnya“
спадчына, у беларусі, галоўнае, культура, беларусь, ларыса мятлеўская, беларуская кухня
спадчына, у беларусі, галоўнае, культура, беларусь, ларыса мятлеўская, беларуская кухня
Адзначаем Дзень рыбалова, ці Як з карпа зрабіць селядца
11:23 30.03.2018 (абноўлена: 15:49 14.04.2022) Этнограф Ларыса Мятлеўская заклікае аматараў рыбалкі на возера, а гаспадыням прапануе новы рэцэпт стравы са свежага карпа.
30 сакавіка ў народзе адзначаюць Дзень рыбалова, які прыпадае на прысвятак Аляксей Цёплы. Самы час выпраўляцца на рыбалку.
На Палессі кажуць, што на "Аляксея лёд такі слабы, што яго і рыба хвастом разаб'е". І сапраўды, час для лова рыбы самы што ні ёсць спрыяльны: згаладалая за зіму рыба шукае ежу, падымаецца з цёмных глыбінь вадаёмаў на паверхню, каб пагрэцца на вясновым сонейку і глынуць кіслароду, якім менавіта гэтым часам багатая вада.
У гэты дзень таксама існавалі пэўныя забароны на гаспадарчую працу, таму сяляне адпачывалі. Забыцца на строгія правілы маглі толькі аматары рабнага лову: яна апантана плялі сеткі, аглядалі іншыя рыбалоўныя прылады. У народзе так і казалі: "Аляксей сеці садзіць, лодкі смаліць, рыбу коліць".
Канец свету настане, калі перакуліцца вялізная рыба
Занятак рыбнай лоўляй вядомы на Беларусі з часоў палеаліту: да распаўсюджання земляробства яна была амаль адзінай крыніцай існавання мясцовага насельніцтва. Пра гэта сведчаць знаходкі археолагаў на стаянках першабытных людзей: касцяныя кручкі, вастрыі гарпуноў, асцей, сеткавыя грузілы. Выявы рыб сустракаюцца на касцяных рэчах, косткамі замест іголак сшывалі адзенне, а з пазванкоў жанчыны рабілі пацеркі і завушніцы.
Мабыць, такія ўпрыгожванні былі нечым большым, таму што паводле балта-славянскай міфалогіі рыба — выразнік мужчынскага пачатку бо атаясамліваецца з апладняльнай стыхіяй вады.
Эратычна-шлюбная сімволіка рыбы тлумачыцца і ў славянскіх сонніках. Усім вядома, калі маладая жанчына пабачыць у сне вялікую рыбіну, то хутка зацяжарае і народзіць сына, калі дробную, то дзяўчынку. Калі ж тое бачылася пажылым людзям, гэта прадракала хваробу, паколькі рыба была яшчэ і адзнакай свету мёртвых.
Акрамя таго, нашы продкі верылі, што зямля трымаецца на велізарнай рыбе і калі па нейкай прычыне яна перакуліцца, то настане канец свету. Калі ж яна проста варушыцца, то чакай землятрусаў.
Прадаваць рыбу на беларускіх кірмашах пачалі ў феадальны перыяд, але прамысловага рыбалоўства у тыя часы практычна не было: рыбу лавілі ў асноўным для сябе. Прыгонныя рыбаловы пастаўлялі рыбу ў маёнткі і духавенству. Яны ж павінны былі вязаць сеткі, віць невадныя вяроўкі, рамантаваць снасці. Гэта называлася "хадзіць да панскага неваду". Акрамя гэтага часта пры маёнтках і манастырах меліся людзі, асноўнай працай, якіх была лоўля рыбы.
Разводзіць рыбу ў Беларусі пачалі толькі ў Сярэднявеччы. Актыўна рабілі запруды і капалі сажалкі, ў якіх самавольна рыбу лавіць было нельга. Пакаранне за гэта было ўстаноўлена Статутам Вялікага княства Літоўскага 1588 года.
Рыбак з настаўкай на возеры Нобель. Фота з кнігі Гражыны Рушчык "Палессе. Фотаздымкі 1937 года"
Прагрэсу развіццё прамысловага рыбалоўства дасягнула тады, калі адмянілі прыгоннае права. З ростам гарадскога насельніцтва павялічылася патрэба ў харчовых прадуктах, у тым ліку і рыбных. Рыбу стала магчымым прадаваць за грошы. Увод у эксплуатацыю чыгуначных ліній даваў магчымасць не толькі транспарціраваць рыбу ў гарады і мястэчкі беларускіх губерняў, але і вывозіць яе за мяжу. Напрыклад, у Германію экспартавалася рыбная луска, якая выкарыстоўвалася пры вырабе штучнага жэмчугу.
У другой палове ХІХ — пачатку ХХ стагоддзяў вадаёмамі на Беларусі валодалі казна, памешчыкі, манастыры і сялянская грамада. Большасць з іх здавалася ў арэнду. Арандатары стваралі арцелі рыбакоў, а злоўленая рыба збывалася скупшчыкам, якія прадавалі яе на кірмашах.
Калісці ж у мінскіх вадаёмах была процьма рыбы. Этнограф, журналіст, фалькларыст Павел Шпілеўскі, вандруючы па Мінскай губерніі ў 1853-55 гадах пісаў: "Досыць зазірнуць на Нясвіжскі кірмаш, на таргі мінскія, слуцкія, пінскія, мазырскія і рэчыцкія, на безліч усялякіх гатункаў свежай вэнджанай рыбы, якая прадаецца на іх, каб атрымаць ясны доказ добрага стану рыбацтва ў старажытным месцазнаходжанні крывічоў. Рыбам рэчак і азёр Мінскай губерніі няма ліку, аднак узгадаем некаторыя з іх: самы, бялугі, асётры, шчупакі, судакі, ліны, карасі, ляшчы, вугры, цырты, беларыбіца, уюны…".
Разводзіць карпаў і фарэль (стромгу) некаторыя памешчыкі пачалі яшчэ больш за 100 гадоў таму. Рыбаводныя гаспадаркі меліся ў маёнтку Альба князя, маёнтку Смаляны памешчыка Цітова, маёнтку Пескі памешчыка Паслаўскага.
Пэўны час у гэтай справе быў зацішак. Затое цяпер сэрца цешыць сапраўднае адраджэнне рыбаводнай справы. Немала гаспадарак прадстаўляюць сваю прадукцыю па кірмашах малых і буйных гарадоў Беларусі.
Як з карпа атрымаць селядзец
Сёння прапаную прыгатаваць "селядзец з карпа", рэцэптам якога падзялілася Галіна Ціхан з вёскі Востраў Ганцавіцкага раёна Брэсцкай вобласці.
Трэба адзначыць, што цуды ператварэння рыбы аднаго гатунку ў другі — з'ява ў беларускай кулінарыі вядомая. Калі жаданай рыбы не было, вынаходлівыя кухаркі гатавалі страву з іншай рыбы, дасягаючы блізкага смаку. Напрыклад, гартаючы старонкі кулінарна-гаспадарчай энцыклапедыі "Літоўская гаспадыня" можна даведацца як прыгатаваць "хатнюю траску са шчупака" і "хатняга ласося з вэнджанага сома".
Практыка паказала, што сучасным гаспадыням вядомы тыя старыя хітрыкі і калі ў вясковую краму раптам не завезлі любімых селядцоў, а салёнай рыбы хочацца, то можна зрабіць іх з карпа.
У халодную ваду усыпаць соль, пакласці лаўровы ліст і перац гарошкам, давесці да кіпення і ўліць воцат, гатаваць яшчэ тры хвіліны, зняць з агню і астудзіць.
Пачысціць ад лускі карпа, выпатрашыць, адрэзаць галаву, хвост і плаўнікі, памыць, парэзаць на кускі шырынёй у 2 см, пакласці ў расол з вады, солі, спецый і воцату на дваццаць чатыры гадзіны пад гнёт.
Прасаліўшуюся рыбу дастаць з расолу, паліць алеям, пакласці асобна нарэзаную кольцамі цыбулю і падаваць да стала з варанай бульбай.
Смачна есці і да сустрэчы!