МІНСК, 30 сак — Sputnik. Праца нідэрландскага мастака-постімпрэсіяніста Вінсэнта Ван Гога будзе выстаўлена ў Францыі ўпершыню за 20 гадоў, паведамляецца на старонцы аўкцыённага дома Artcurial ў Twitter.
Гаворка ідзе пра карціну "Жанчыны ў дзюнах за рамонтам сетак", якая была напісана ў Галандыі і датуецца 1882 годам. Ацэначны кошт палатна складае ад трох да пяці мільёнаў еўра.
Доўгі час карціна вядомага мастака захоўвалася ў Музеі Гаагі (1961-1974), затым яна знаходзілася ў музеі выяўленчых мастацтваў Манрэаля (2007-2010), а апошнія восем гадоў — у Музеі Ван Гога ў Амстэрдаме.
У Францыі працы Ван Гога не выстаўляліся на аўкцыён на працягу 20 гадоў, паведаміла радыёстанцыя France Info.
Таргі адбудуцца ў Парыжы 4 чэрвеня 2018 года.
Сёння ў нідэрландскага мастака дзень нараджэння — Ван Гог нарадзіўся 30 сакавіка 1853 года.