МІНСК, 30 сак — Sputnik. Ролю прынца Філіпа ў трэцім сезоне серыяла "Карона" згуляе акцёр Тобайас Мензіс, вядомы па "Гульні тронаў" і "Чужаземцы". Замена чакае і выканаўцу галоўнай ролі каралевы Лізаветы II. Замест кранальнай Клэр Фой "кіраваць" англійскім прастолам будзе Алівія Колман.
Здымкі трэцяга сезона біяграфічнага серыяла ад Netflix "Карона" пачнуцца гэтым летам у Вялікабрытаніі. Серыял сцэнарыста і прадзюсара Пітэра Моргана расказвае пра асабістае і схаванае жыццё каралевы Лізаветы II. На кожны сезон адводзіцца па 10 гадоў з жыцця манарха і яе акружэння. Таму замена зусім не азначае, што акцёры былі неарганічнымі ў сваіх амплуа. Проста прыйшоў час больш узроставых акцёраў — ад складанага грыму стваральнікі серыяла адразу вырашылі адмовіцца.
Нядаўна з'явілася інфармацыя, што ролю Філіпа ў трэцім сезоне выканае Пол Бетані. Але дамовіцца з ім у прадзюсараў, па ўсёй бачнасці, не атрымалася.