МІНСК, 3 кра – Sputnik. Конкус эскізных праектаў бюста Якуба Коласа, які ўсталююць на тэрыторыі Цяньцзінскага ўніверсітэта замежных моў, аб’яўлены Міністэрствам культуры, пра гэта паведамляецца на сайце міністэрства.
Паўдзельнічаць у конкурсе могуць скульптары і архітэктары з адпаведнай прафесійнай адукацыяй. Заяўкі па форме, прыведзенай на сайце Мінкульта, прымаюцца па 30 красавіка ўключна.
Працы, прадстаўленыя на конкурс, журы разгледзіць на закрытым пасяджэнні не пазней 10 мая. Праекты будуць ацэньвацца з пункту гледжання адпаведнасці ўмовам конкурсу, прафесійнага ўзроўню, арыгінальнасці рашэння і адлюстравання найбольш выразнага вобраза.
Пераможца конкурсу атрымае права на стварэнне бюста.
Цяньцзінь — гэта буйны партовы горад на паўночным усходзе Кітая. Цяньцзінскі ўніверсітэт замежных моў прапануе студэнтам навучанне па больш чым 20 спецыяльнасцях. Сярод моў, якія вывучаюць у гэтай ВНУ, англійская, японская, карэйская, нямецкая, французская, іспанская, руская, арабская, італьянская, партугальская і кітайская.
Беларуская мова ў Кітаі не вывучаецца, аднак краіны ўмацоўваюць супрацоўніцтва па розных напрамках. Нядаўна пасол Беларусі ў Кітаі Кірыл Руды апублікаваў у сацыяльных сетках узор напісання назвы краіны "Беларусь" на кітайскай мове. Дыпламат адзначыў, што такім чынам ён дамагаецца правільнага напісання назвы краіны.