МІНСК, 3 кра — Sputnik. Кіраўніцтва хакейнага клуба "Дынама-Мінск" працягнула кантракт з галоўным трэнерам Гордзі Дуайерам, паведамляецца на сайце каманды.
Аб магчымым прадаўжэнні пагаднення паведамлялася ў пачатку сакавіка. Новы кантракт з 40-гадовым канадцам, які працуе з "Дынама" з 2017 года, заключаны яшчэ на адзін год.
Як заявіў гендырэктар хакейнага клуба Анатоль Курылец, працяг супрацоўніцтва з галоўным трэнерам — гэта першы крок у фарміраванні каманды на наступны сезон.
"Мы вельмі хацелі падпісаць дамову з Гордзі Дуайерам як мага раней, каб спакойна прыступіць да фарміравання складу", — адзначыў ён.
Паводле яго слоў, разглядаліся і іншыя кандыдатуры на месца галоўнага трэнера. Аднак кіраўніцтва прааналізавала вынікі мінулага сезону і зрабіла выснову, што трэнерскі штаб зрабіў усё магчымае, каб каманда выканала пастаўленыя перад ёй задачы.
"Дзесьці атрымлівалася, дзесьці не, але праца была праведзена вельмі сур'ёзная, і не хацелася б страціць яе вынікі", — сказаў Курылец.
Кіраўнік хакейнага клуба адзначыў, што ў бліжэйшы час можна чакаць і іншых трансферных навін.
Ініцыятыва пакінуць трэнерскі штаб "бела-сініх" у тым жа складзе, уключаючы і Дуайера, зыходзіла ад старшыні назіральнага савета клуба, кіраўніка міністэрства ўнутраных спраў Беларусі Ігара Шуневіча. Прапанова была ўхвалена прэзідэнтам краіны Аляксандрам Лукашэнкам.