МІНСК, 3 кра — Sputnik. Пагадненне аб прызнанні візаў паміж Расіяй і Беларуссю знаходзіцца ў высокай ступені гатоўнасці, паведаміў журналістам расійскі пасол у Мінску Аляксандр Сурыкаў.
Беларускі і расійскі бакі вядуць работу над пагадненнем аб узаемным прызнанні візаў ужо на працягу года. У канцы мінулага года ў Мінску гаварылі, што дакумент практычна гатовы і застаецца ўзгадніць пытанні бязвізавага знаходжання і рэадмісіі.
Раней Сурыкаў казаў, што рашэнне можа быць прынятае ў красавіку-маі гэтага года.
"Дакумент мае высокую ступень гатоўнасці, рознагалоссі зусім невялікія, і, напэўна, на ўзроўні экспертаў у бліжэйшы час будзе скончана", — сказаў журналістам пасол РФ.
Пры гэтым ён дадаў, што цяпер стаіць задача прыняць такі дакумент да чэмпіянату свету па футболе.
Дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Рыгор Рапота раней заяўляў, што падпісанне можа адбыцца на працягу пары месяцаў. Паводле яго слоў, зараз праходзяць інтэнсіўныя кансультацыі па тэксце пагаднення, застаецца ўзгадніць некалькі пытанняў.
Дзяржаўны сакратар не стаў прагназаваць магчымыя тэрміны падпісання пагаднення аб прызнанні візаў паміж Расіяй і Беларуссю.
Чэмпіянат па футболе ў Расіі стартуе 14 чэрвеня 2018 года. Мяркуецца, што ў рамках першынства будзе працаваць бязвізавы рэжым уезду замежных футбольных заўзятараў.