МІНСК, 11 кра — Sputnik. Набор па некаторых IT-спецыяльнасцях у беларускіх ВНУ могуць павялічыць, заявіў у сераду журналістам міністр адукацыі Беларусі Ігар Карпенка.
Прыняты кіраўніком дзяржавы дэкрэт №8 "Аб развіцці лічбавай эканомікі" прадугледжвае не толькі эканамічныя змены, але і навелы ў сферы адукацыі — у тым ліку важным становіцца пытанне і падрыхтоўкі кадраў для IT.
"Мы ў гэтым годзе сур'ёзна папрацавалі з заказчыкамі кадраў. На агульным фоне зніжэння набору па шэрагу спецыяльнасцяў, асабліва юрыдычных і эканамічных, у нас ужо адбылося павелічэнне прыёму на IT-спецыяльнасці на 400 месцаў", — растлумачыў Карпенка.
Міністр падкрэсліў: калі высветліцца, што лічбы неабходна будзе карэктаваць у бок павелічэння, па ўзгадненні з камісіяй па кантролі за ходам уступнай кампаніі гэта могуць зрабіць.
"Калі такая будзе неабходнасць", — дадаў Карпенка.
Таксама міністр выказаўся за змяненне праграм па інфарматыцы ў школах — ён мяркуе, што неабходна зрабіць яе больш гнуткай і не звязваць "жорсткімі патрабаваннямі выніковасць навучання".
Прыняты ў мінулым годзе дэкрэт "Аб развіцці лічбавай эканомікі" ўступіў у сілу ў канцы сакавіка. Згодна з яго палажэнням, у Беларусі ўводзяцца беспрэцэдэнтныя меры па стымуляванню IT-бізнэсу.