Аляксандр Ісачоў — адзін з самых загадкавых беларускіх мастакоў. Ён пражыў усяго 32 гады, але пакінуў пасля сябе 500 жывапісных палотнаў, не лічачы графікі і малюнкаў. Большая частка работ мастака знаходзілася ў Санкт-Пецярбургу ў Фондзе свабоднага рускага сучаснага мастацтва, які пасля смерці беларускага майстра назвалі ў яго гонар. Аляксандр Ісачоў згадваецца ў падручніку гісторыі за 9-ы клас разам з Маркам Шагалам як выдатны мастак XX стагоддзя.
Адзіная прыжыццёвая выстава Аляксандра Ісачова адбылася ў 1987 годзе ў яго роднай Рэчыцы, яе наведалі каля 20 тысяч чалавек. Літаральна праз тры тыдні мастак раптоўна памёр ад сардэчнага прыступу. 14 красавіка 1988 года ў мінскім Палацы культуры Белсаўпрофа адкрылася пасмяротная выстава Аляксандра Ісачова. Людзі займалі чаргу на ўваход з вечара, замест двух тыдняў выстава працягвалася больш за месяц. Больш за 220 тысяч чалавек ўбачылі творчасць рэчыцкага "самародка".
"Мяне на тую выставу зацягнуў прыяцель, мне тады было нецікава. Але ўбачыўшы гэтыя карціны, я быў ашаломлены і здзіўлены. Мы нават купілі з прыяцелем некалькі слайдаў і потым усю ноч іх разглядалі. Далей я сам стаў мастаком, можна сказаць, што творчасць Ісачова мяне натхніла. А ў 2005 годзе я пазнаёміўся з удавой Ісачова і стаў збіраць сваю калекцыю, парой адмаўляючы сабе ва ўсім. Гэтая калекцыя цяпер і выстаўляецца ў Мінску ", — распавёў Арлоў.
У сувязі з 30-гадовым юбілеем першай выставы мастака Аляксандра Ісачова ў Мінску 14 красавіка ў галерэі "Талака" на праспекце Незалежнасці 58/1-6 пройдзе творчая сустрэча з мастаком і калекцыянерам Алегам Арловым і кінарэжысёрам Анатолем Алаем, які 30 гадоў таму зняў дакументальны фільм пра Ісачова "Не плачце па мне".
Гутарку з Алегам Арловым слухайце ў аўдыёзапісе радыё Sputnik Беларусь.