МІНСК, 18 кра — Sputnik. Праект рэканструкцыі Старога замку ў Гродне неаднойчы выклікаў дыскусіі грамадскасці яшчэ падчас яго зацверджання. Работы на тэрыторыі будынка пачаліся восенню 2017 года, і ўжо зараз многія эксперты выказваюцца супраць такога аднаўлення.
Новая пабудова на старым месцы
Плануецца, што першая чарга рэканструкцыі адзінай арыгінальнай мураванай каралеўскай рэзідэнцыі завершыцца ў 2020 годзе. У межах першай чаргі рэканструююць браму, галерэю, а потым вежу. Пасля гэтага возьмуцца за рэстаўрацыю палаца, адбудову сцяны над Нёманам і будынкаў ва ўнутраным двары.
Зараз будаўнікі разбіраюць галерэю ў Старым замку. Канструкцыю разбяруць часткова і невядома, ці адновяць страчаныя часткі ў будучыні.
У аснове рэканструкцыі — замак часоў караля Стэфана Баторыя, эскіз якога распрацаваў мінскі архітэктар Уладзімір Бачкоў.
Як патлумачыў карэспандэнту Sputnik кандыдат гістарычных навук, навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН Беларусі Мікалай Волкаў, замест таго, каб зрабіць правільную рэстаўрацыю і захаваць напластаванні розных часоў, Бачкоў, фактычна, выдумляе новую пабудову на старым месцы.
"Бачкову галерэя не падабаецца, таму ён проста ўзяў і загадаў яе разабраць", — звяртае ўвагу Волкаў.
Знішчэнне замест рэстаўрацыі
Па задумцы архітэктара Бачкова, замак і прылеглыя да яго пабудовы павінны выглядаць гэтак жа, як і ў канцы XVI стагоддзя, калі яны былі пабудаваныя па замове Стэфана Баторыя італьянскім архітэктарам Санці Гучы.
"Галоўная праблема ў тым, што архітэктар не ведае гістарычных крыніц і не цікавіцца тым, што было ў замку да Баторыя і пасля яго. Атрымліваецца, што такім чынам ён спакойна ставіцца да знішчэння як слядоў ранейшых эпох, так і пазнейшых перабудоў. Стылістычная рэстаўрацыя была папулярный 150 гадоў назад у Еўропе, але зараз ва ўсім свеце адыйшлі ад гэтага", — тлумачыць спецыяліст.
"Стыль Гучы ў Старым замку — гэта бязглуздзіца ў стылі Бачкова", — дадае кандыдат гістарычных навук.
Ён упэўнены, што фантазіі архітэктара, якімі б яны не былі, павінны быць падмацаваныя гістарычнымі фактамі. Аднаўляючы пабудову пэўных часоў, неабходна прыкласці як мага больш намаганняў, каб не страціць цэлы пласт гістарычнай інфармацыі. Менавіта гэта зараз і адбываецца ў Старым замку ў Гродне.