Мастацкі кіраўнік "купалаўцаў" Мікалай Пінігін ужо не ўпершыню звяртаецца да творчасці папулярнага французскага драматурга Ясміны Рэза. Беларускай публіцы добра знаёмая пастаноўка п'есы "Арт", сюжэт якой таксама належыць французскаму аўтару. Зараз тэатральнага рэжысёра зацікавіла п'еса "Бог разні", напісаная Ясмінай Рэза ў 2006 годзе, аднак для пастаноўкі на беларускай сцэне Пінігін палічыў назву п'есы некалькі неадназначнай.
"Я напісаў аўтару, што для нас назва "Бог разні" будзе не зусім зразумелай, таму што людзі падумаюць: "зноў пра вайну". А ў мяне ўжо ёсць прыклад з пастаноўкай па п'есах Марка Мермана, называлася яна "Другая сусветная". Там цудоўныя песні, але з часам людзі перасталі хадзіць — ізноў пра вайну, забойствы. У нас з гэтым перабор: і ў маім дзяцінстве, і цяпер, і на тэлебачанні ўвесь час страляюць і страляюць. Калі мы змянілі назву той пастаноўкі на "Вельтмайстар-акардэон ", усё стала нармальна. Ды і цяпер новую назву спектакля "Талерантнасць" я ўжываю ў іранічным сэнсе", — распавядае Пінігін.
На думку рэжысёра, гісторыя ў п'есе ў большай ступені еўрапейская, паколькі само паняцце "талерантнасць" у Еўропе і ў Беларусі трактуецца па-рознаму. П'еса была напісана аўтарам яшчэ да ўсіх сусветных падзей, звязаных з канфліктамі перасяленцаў з арабскіх краін у Еўропу. З гэтым звязана яшчэ адно адрозненне новай пастаноўкі Купалаўскага тэатра ад арыгінала.
Прэм'ерныя паказы спектакля "Талерантнасць" на сцэне Купалаўскага тэатра адбудуцца 27 і 28 красавіка, а таксама 4 і 29 мая.
Гутарку з Мікалаем Пінігіным слухайце ў аўдыёзапісе радыё Sputnik Беларусь.