МАГІЛЁЎ, 21 кра — Sputnik, Марыя Зуева. Дзесяткі магілёўцаў выйшлі на суботнік у парк у Падніколле. Гэта галоўная будоўля абласнога цэнтра апошніх гадоў.
Юрыя Руднова наўрад ці назавеш радавым жыхаром горада. У скарбонцы яго добрых спраў не адзін добраўпарадкаваны куток Магілёва. Першыя дрэвы на Вялікай Чавускай, якія ён высадзіў яшчэ 15 гадоў таму, ужо па 4 метры вышынёй. На гэты раз алея з'явіцца на вуліцы Пушкінскай каля 6-й школы.
"Тут вучыўся мой бацька, я, мае дзеці. Мы пасадзім дрэвы, школьнікі будуць даглядаць, паліваць. Калі даглядаеш сам, наўрад ці потым будзеш калісьці шкодзіць дрэвам", — распавёў Юрый.
Хвоі з-пад ЛЭП
Магіляўчанін і дзесятак яго таварышаў-энтузіястаў высаджваюць хвоі. Гэта самасеў з-пад ліній электраперадач у лясах. Дрэўцам па сутнасці было наканавана памерці. Работнікі лясніцтваў іх усё роўна б выкарчавалі ў мэтах бяспекі — з-за магчымых абрываў правадоў. А так хвоі атрымалі другое жыццё. А горад — яшчэ больш магчымасцяў дыхаць чыстым паветрам.
"Мы не так часта робім нешта карыснае для горада, у якім жывём. Чаму б і не? Надвор'е выдатнае. Настрой выдатны. І суботнік — справа калектыўная. Разам усё лепш спорыцца", — падзяліўся адзін з добраахвотнікаў па высадцы дрэў.
114 як Герояў СССР
Колькасць дрэў абралі не выпадкова. Іх на алеі будзе роўна 114. Менавіта столькі ўраджэнцаў Магілёва з'яўляюцца Героямі Савецкага Саюза. 32 з іх такога звання ўдастойваліся двойчы.
"Ідэю пасадзіць алею герояў мне падказаў мой старэйшы таварыш — магіляўчанін Уладзімір Рыбалка, які доўга служыў на Ціхаакіянскім флоце. Я, як і ён, патрыёт. Плюс я нарадзіўся 9 мая. У мяне дзяды ваявалі. Адзін не вярнуўся з вайны. Так што гэтая тэма мне заўсёды была блізкая", — растлумачыў Юрый.
Саджанцы з Зіла
Яшчэ адно захапленне Юрыя Руднова — рэтрааўтамабілі. Ён даўно ўзначальвае магілёўскі аўтаклуб "Маладая гвардыя". Саджанцы соснаў прывезлі на ЗІЛе 1964 года. У калоне, акрамя яго, таксама ГАЗ-69, "Волга", "Запарожац". Так што на суботніку рэтраманы яшчэ і новы сезон адкрылі, чым асабліва парадавалі мясцовых дзяцей.
Бэз ад Снапкова
У парку Падніколле сёння асноўныя сілы адправіліся на будаўніцтва вялікай лесвіцы з каскадным фантанам, якая вядзе з плошчы Арджанікідзэ. З рыдлёўкай у руках тут можна было ўбачыць і рэспубліканскіх дзяржслужачых — ураджэнцаў Магілёва. Намесніку кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта Мікалаю Снапкову даверылі пасадку бэзу.
"Рады, што прыехаў у Магілёў. Даўно не быў. А сёння яшчэ з такой выдатнай нагоды на малой радзіме", — падзяліўся з карэспандэнтам Sputnik Мікалай Снапкоў.
Двары таксама не пуставалі. Многіх гараджан, як і было абяцана, інвентаром забяспечвалі камунальнікі. У спальным раёне Спадарожнік высадзіўся працоўны студэнцкі дэсант. Моладзь на пасаджаных барбарысах і клёнах пакінула свае пажаданні.