Відэа

Праз агонь, ваду і трубы: як спецназаўцы здаюць на крапавы берэт

Падпісацца
Два разы на год - увесну і ўвосень - крапавае брацтва спецназа ўнутраных войскаў МУС папаўняецца новымі байцамі. Прайсці выпрабаванне і атрымаць запаветны бярэт могуць далёка не ўсе. Праз што прыходзіцца прайсці, глядзіце на відэа Sputnik.

Крапавы берэт — ганаровы знак выдатнасці спецназа ўнутраных войскаў МУС. Атрымліваюць яго толькі лепшыя з лепшых па выніках выпрабаванняў, падчас якіх баец павінен даказаць, што ён годны насіць гэты запаветны галаўны ўбор.

На першы этап кваліфікацыйных выпрабаванняў у гэтым годзе выйшла 100 кандыдатаў. Гэта быў трохкіламетровы крос, які трэба было прайсці за 12 хвілін і 20 секунд у форме і з абмундзіраваннем. Прэтэндэнтаў у "крапавікі" таксама чакала вядзенне вольнага бою на працягу трох хвілін паміж двума кандыдатамі і выкананне прыёмаў рукапашнага бою са зброяй і без яе.

У другі этап — 12-кіламетровы марш-кідок з выкананнем розных тактычных уводных задач — прайшлі 55 байцоў. У ходзе маршу трэба пераадолець паласу перашкод і вогненна-штурмавую паласу. Спецназаўцы адціскаліся, прысядалі, беглі ў процівагазах праз дымавую заслону, па рэчышчы ручая і праз агонь, паўзлі праз вузкую трубу з вадой і "пастку" — невялікі тунэль з дроту.

Пасля гэтага байцы стралялі з кулямёта, аўтамата і пісталета. Комплекснае практыкаванне трэба было выканаць за 1 хвіліну 30 секунд, нягледзячы на стомленасць і дрыжачыя пасля марш-кідка рукі.

Чацвёрты этап, на думку многіх спецназаўцаў, самы жорсткі. Кандыдат на права нашэння крапавага берэта павінен быў пратрымацца на рынгу на працягу 12-хвіліннага спарынгу са зменлівымі супернікамі — ўладальнікамі крапавага берэта.

Стараліся ўсе, але не ўсім пашанцавала. У гэты раз запаветны бярэт атрымалі 30 байцоў з 100, якія прэтэндавалі на яго. Гэта добры вынік: звычайна здаюць толькі каля 10% кандыдатаў. Тыя, каму не ўдалося дайсці да канца ў гэты раз, не адчайваюцца. У іх ёсць шанец паказаць сябе наступнай восенню.

Байцы, якія праз пот, кроў і слёзы здолелі прайсці выпрабаванні і атрымаць крапавы берэт, не могуць перадаць эмоцый. Яны прайшлі цяжкі шлях да сваёй мэты, але зараз могуць ганарыцца сабой: дзякуючы сваёй жалезнай волі гэтыя спецназаўцы ўвайшлі ў знакамітае крапавае брацтва.

Стужка навiн
0