МІНСК, 24 кра — Sputnik. Самы выніковы беларускі хакеіст у НХЛ Міхаіл Грабоўскі не выключае, што вымушаны будзе завяршыць кар'еру. Прычына — у траўме, якая ўжо доўгi час не дазваляе яму вярнуцца ў гульню. Пра гэта Грабоўскі заявіў у эфіры праграмы "Спорт-клуб" на тэлеканале АНТ.
"Трэба прымаць рэаліі. Мабыць, так распарадзіўся лёс. Можа, калі-небудзь дзе-небудзь у мяне яшчэ атрымаецца. Жыццё на хакеі не сканчаецца", — сказаў хакеіст у адказ на пытанне, ці зможа ён яшчэ калі-небудзь выйсці на лёд.
Грабоўскі прызнаўся, што ў цяперашні час адчувае сябе нядрэнна, але пры гэтым "гуляць пакуль не гатовы".
Траўму галавы Грабоўскі атрымаў два гады таму — у лютым 2016 года ў яго было дыягнаставана страсенне мозгу. Беларускі хакеіст, які гуляў у той час у клубе "Нью-Ёрк Айлэндэрс", прапусціў сезон. Затым ён змяніў клуб — перайшоў у "Вегас Голдэн Найтс", які нядаўна ўвайшоў у НХЛ. Але паўнавартасна вярнуцца ў хакей спартсмен так і не змог.
Апошнім часам Грабоўскі трапляў у навіны ў сувязі са скандалам вакол будаўніцтва яго хаты ў вёсцы Ваўковічы на беразе Пцічы, а таксама ў сувязі з папаўненнем сямейства — у снежні 2017 года ў хакеіста нарадзілася трэцяе дзіця.