Акцёр, харэограф, выкладчык, тэатравед і перакладчык — усё гэта пра простага хлопца са Стоўбцаў Аляксея Грыненку. Восем гадоў таму ён з'ехаў у ЗША вучыцца і застаўся. Зараз жыве ў Нью-Ёрку на Манхэтане, піша кнігу, рыхтуецца атрымаць навуковую ступень і выкладае тэатральныя дысцыпліны.
Аляксей перыядычна наведваецца ў Беларусь — тут ён скончыў лінгвістычны ўніверсітэт і Беларускую акадэмію мастацтваў, тут жывуць бацькі і родныя, і тут ён працуе асацыятыўным прадзюсарам.
"Кастрычніцкая імітуе культуру Брукліна"
Аляксей не быў на радзіме з 2013 года. Кажа, што за гэты час многае адчувальна змянілася.
"Многа новых будынкаў, раней не было вуліцы Зыбіцкай. Я патрапіў туды у першы дзень і не мог нікога пазнаць. Маю на ўвазе, што раней я мог расказаць штосьці пра хлопца ці дзяўчыну, якіх сустракаў на вуліцы, скласці пэўны псіхалагічны партрэт, а зараз ужо не магу. Спаймаў сябе на думцы, што гляжу на ўсё як замежнік", — распавядае Грыненка.
Давялося патрапіць і на Кастрычніцкую вуліцу, дзе, па яго словах, "можна часткова заўважыць імітацыю культуры Брукліна, якая, у прынцыпе, карыстаецца папулярнасцю паўсюль".
Аляксей упэўнены, што на Кастрычніцкай шмат цікавых праектаў, але развівацца яны будуць толькі тады, калі мясцовыя мецэнаты будуць гатовыя ўкладаць і страчваць на іх грошы.
"На Кастрычніцкай я адчуў сябе ў сваёй талерцы, адразу ўспомніў 90-я гады пасля распаду Савецкага Саюза. Гэта было не так маштабна, але для нас гэта таксама было часам пэўнай свабоды", — успамінае суразмоўца.
"Амерыканскія студэнты ў адрозненні ад беларускіх маюць свой пункт гледжання"
Тэатральныя дысцыпліны Аляксей выкладае ў двух універсітэтах. Адзін з іх — New York University — з'яўляецца найбуйнейшым навукова-даследчым прыватным універсітэтам ЗША, дзе навучаюцца каля 50 тысяч студэнтаў. Патрапіць сюды мараць амаль усе амерыканскія студэнты, якія імкнуцца стаць акцёрамі, таму што "лепей няма куды".
Аляксей кажа, што калі толькі пачынаў працаваць, было страшна: як студэнты будуць ставіцца да маладога выкладчыка родам з Беларусі. Але ніякіх праблем не ўзнікла.
Па словах Грыненкі, у Амерыцы галоўнае патрабаванне да студэнтаў — мець свае меркаванне па любым пытанні. Да гэтага рыхтуюць яшчэ ў школе.
"Калі студэнт піша навуковую працу ці простае сачыненне, ён абавязкова павінен прачытаць, што па гэтым пытанні думаюць вядомыя спецыялісты, але я не прыму працу, калі ён проста перадасць у ёй чужыя словы. Студэнт павінен спрачацца ці пагаджацца аргументавана", — тлумачыць Аляксей.
Выпадкі плагіяту сустракаюцца вельмі рэдка, прыкладна адзін раз на год.
"Мне падабаецца ў амерыканскіх студэнтах уменне выкласці сваё меркаванне па тым ці іншым пытанні, прывабна яго падаць. Калі я вучыўся ў беларускім універсітэце, усе заняткі былі скіраваныя больш на запамінанне", — дадае ён.
Падабаецца маладому выкладчыку і сістэма працы педагогаў: кожны павінен стварыць свой, ні на што не падобны курс.
"У Беларусі я хадзіў на лекцыі, каб запісаць тое, што можна лёгка прачытаць у кнізе. Але навошта тады існуюць падручнікі і чаму выкладчык не расказвае штосьці новае? Гэтае пытанне заўсёды мяне хвалявала і таму былі вялізныя праблемы з наведваннем заняткаў", — усміхаецца Грыненка.
"Палова студэнтаў і супрацоўнікаў факультэта — прыезджыя"
Нью-Ёрк — горад мігрантаў, многія размаўляюць з акцэнтам, амаль палова студэнтаў і супрацоўнікаў факультэта — таксама прыезджыя. Мабыць, таму амерыканская навуковая супольнасць таксама лёгка прыняла маладога выкладчыка родам з Беларусі.
"Зараз амерыканская акадэмія ў прынцыпе робіць акцэнт на мульцікультурнасць, дыялог з іншымі краінамі і іх прадстаўнікамі падтрымліваюць", — падкрэслівае Грыненка.
Калі ехаў у Амерыку, хваляваўся, што не зможа расказаць амерыканцам нічога новага пра іх родны жанр — мюзікл. Але атрымалася так, што ён як новы чалавек змог паглядзець на сітуацыю з незвычайнага боку і стаў першапраходцам.
"У навуковай супольнасці тут у прынцыпе ўсё проста: цябе ацэньваюць па выніках працы. Калі навуковая тэма цікавая, не важна, адкуль ты", — тлумачыць Грыненка.
Абараніць доктарскую дысертацыю, на якую спатрэбілася амаль 9 гадоў, малады выкладчык плануе ўвосень, а пасля гэтага — скончыць працу над кнігай. У ЗША так прынята, у залежнасці ад накірунку, у якім працуе чалавек, — каб дысертацыя перарасла ў кнігу.
"Мяне цікавіць гісторыя эмоцый і пагранічных станаў, у тым ліку вар'яцтва, і тое, як гэта падаецца ў мастацтве, у тэатры, у мюзіклах. Спрабую разабрацца ў тым, як грамадства ўздезейнічае на наша успрыняцце эмоцыі і як яны адлюстроўваюцца на сцэне", — тлумачыць Аляксей.
Некаторыя выдавецтвы ўжо выказалі сваю зацікаўленасць працай Грыненкі, але яго чакае доўгі шлях. Рукапіс абавязкова дасылаюць некалькім спецыялістам у гэтай галіне — яны павінны падрыхтаваць свае водгукі.
Працэдура максімальна добрасумленная. Калі рукапіс патрапіць да кагосьці са знаёмых, гэты чалавек павінен будзе вярнуць яго выдавецтву і папярэдзіць пра "канфлікт інтарэсаў з-за сяброўства з аўтарам".
"За апошнія грошы хадзіў глядзець мюзіклы на Брадвей"
Цікаўнасць да тэмы вар'яцтва ў музычным тэатры ў Грыненкі з'явілася пасля прагляду вядомага амерыканскага мюзікла "Next to Normal" ("Недалёка ад нормы"), які ён упершыню ўбачыў на Брадвеі. Гэта было ў першыя гады ў ЗША: на апошнія грошы Аляксей некалькі разоў хадзіў на гэты мюзікл і "захварэў" гэтай тэмай.
Пачаў пісаць на гэтую тэму артыкулы і нечакана атрымаў падтрымку ў навуковай супольнасці. Так выйшла, што нават у Амерыцы пра ўвасабленне вар'яцтва ў мюзіклах ніхто не пісаў і не казаў.
"Можна сказаць, што са сваёй тэмай я стаў першапраходцам, таму што, акрамя некалькіх невялічкіх артыкулаў, больш на гэтую тэму нічога не было. А зараз гэта ўжо пытанне часу: калі ў цябе ёсць ідэя, ты не толькі павінен запэўніць усіх, што яна актуальная, але і апярэдзіць усіх астатніх", — падкрэсліў Грыненка.
"Беларускія тэатры крадуць музыку ў замежнікаў"
Мюзікл "Next to Normal" расказвае гісторыю жанчыны з біпалярным растройствам. Каля месяца назад прайшла першая прэм'ера ў рускамоўнай прасторы — у тэатры "Тэрыторыя мюзікла" Генадзя Гладкова. У ЗША спектакль назвалі лепшым шоу за апошнія 10 гадоў. Акрамя таго, на радзіме ён атрымаў 11 намінацый і 3 вышэйшых амерыканскіх прэміі музычнага тэатра Tony Award, а таксама Пуліцэраўскую прэмію ў намінацыі "Драма".
З'яўленне такой пастаноўкі менавіта на беларускай сцэне — падзея значная. Аляксей пераклаў мюзікл на рускую мову і стаў яго асацыятыўным прадзюсарам, атрымаць правы на пастаноўку дапамагла Амбасада ЗША ў Беларусі.
Атрыманне правоў — амаль ці не галоўная справа ў пастаноўцы замежных спектакляў. Грыненка расказвае, што некаторыя беларускія тэатры проста крадуць пастаноўкі і музыку ў замежнікаў, спадзяючыся, што ніхто не даведаецца.
Таму з мюзіклам "Next to Normal" беларускі бок наўмысна пайшоў па крышталёва-чыстым шляху. Тым больш, што гэта другая брадвейская гісторыя на беларускай сцэне (першая — "Вестсайдская гісторыя"), і атрыманне правоў ад аўтараў стала справай рэпутацыі.
"Прыватны тэатр можа атрымаць грошы, калі пашанцуе"
Разважаючы пра тэатр і яго будучыню, Грыненка ўпэўнены, што беларусам трэба пазбавіцца савецкага мыслення пра тое, што прыватныя тэатры — гэта несур'ёзна.
"У ЗША дзяржава нічога не ўкладае ў культуру. Ёсць невялікія дзяржаўныя гранты, але ўся культура трымаецца на прыватным прадпрымальніцтве. Увесь тэатр камерцыйны, а прыватныя тэатры — гэта групы людзей, аб'яднаныя сваёй апантанасцю і ідэяй. Яны могуць атрымаюць грошы за сваю працу толькі, калі пашанцуе. У Беларусі я заўсёды назіраў насцярожаныя адносіны да такіх лакальных ініцыятыў як, напрыклад, Тэатр Гладкова", — распавядае суразмоўца.
Ён упэўнены, што тэатральная класіка павінна развівацца паралельна з навінкамі.
"Мы можам звяртацца да класічных тэкстаў, але мяне заўсёды цікавіла: чаму нельга на беларускай музыкальнай сцэне размаўляць пра сённяшні дзень? Мы знаходзімся ці ў казачцы, ці ў далёкім мінулым", — заключае Аляксей Грыненка.