У чацвер, 26 красавіка, спаўняецца 32 гады з моманту аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Не сакрэт, што 80% радыенуклідаў выпала на тэрыторыю Беларусі, і першымі, хто прыняў на сябе ўдар радыяцыі на забруджаных тэрыторыях, сталі работнікі праваахоўных органаў, распавёў у прэс-цэнтры Sputnik Беларусь намеснік кіраўніка асацыяцыі "Шчыт Чарнобыля" Станіслаў Крэпскі.
"Работа была вельмі сур'ёзная, трэба было правесці эвакуацыю насельніцтва, людзей вывесці з гэтай зоны, а яны вельмі балюча расставаліся са сваімі дамамі і з усім нажытым. Але потым трэба было ахоўваць тэрыторыю ад іх жа саміх, таму што яны туды імкнуліся патрапіць, каб забраць свой хатні скарб. Былі "самаходы", даводзілася іх спыняць і пераконваць, што яны пераносяць радыяцыю на чыстую тэрыторыю. У такім ключы мы і працавалі", — распавёў Крэпскі.
Па ўспамінах суразмоўцы Sputnik, 32 гады таму адразу пасля Чарнобыльскай катастрофы на забруджаныя тэрыторыі накіроўвалі толькі маладых людзей, у якіх не было якіх-небудзь заўваг па стане здароўя.
"Тых, у каго былі заўвагі, адразу адхілялі. І ішлі мы цалкам добраахвотна. Калі камусьці здаецца, што ішлі па загадзе, то не. Мы былі маладыя, зашкальваў адрэналін, і нам сапраўды хацелася туды. Былі ўпэўненыя, што выведзем насельніцтва. Яны сыходзілі, а мы там заставаліся і працягвалі працаваць", — сказаў Крэпскі.
Для ўдзельнікаў асацыяцыі "Шчыт Чарнобыля" 26 красавіка застаецца асаблівай датай, калі былыя супрацоўнікі праваахоўных органаў, якія 32 гады таму апынуліся на забруджаных тэрыторыях, збіраюцца ў капліцы, каб успомніць маладосць і сяброў, якія пайшлі з жыцця.
Фрагмент гутаркі з намеснікам кіраўніка асацыяцыі праваахоўных органаў "Шчыт Чарнобыля" Станіславам Крэпскім слухайце на радыё Sputnik Беларусь.