Тарыф на зарадку аўтамабіляў упершыню ўстанавілі ў Беларусі

© Sputnik / Евгений Биятов / Перайсці ў медыябанкЭлектрааўтамабіль на станцыі зарадкі, архіўнае фота
Электрааўтамабіль на станцыі зарадкі, архіўнае фота - Sputnik Беларусь
Падпісацца
З 1 мая ўладальнікі электрамабіляў змогуць зараджаць аўтамабіль у хатніх умовах па цане 0,15693 рублі (без ПДК) за 1 кВт/г.

МІНСК, 27 кра — Sputnik. У Беларусі ўстаноўлены тарыф на зарадку электрамабіляў, паведамляе прэс-служба Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю (МАРГ) Беларусі.

Выканаўчы дырэктар асацыяцыі Аднаўляльная энергетыка Уладзімір Нісцюк - Sputnik Беларусь
Радыё
Нісцюк: нам трэба навучыцца рабіць свае акумулятары для электрамабіляў

Такі тарыф уводзіцца ў краіне ўпершыню. Ён пачынае дзейнічаць з 1 мая 2018 года і складае 0,15693 рублі (без ПДК) за 1 кВт/г, што ніжэй агульнага тарыфу для арганізацый, якія працуюць у сферы паслуг, на 48%.

МАРГ тлумачыць увядзенне тарыфу тым, што рынак электрамабіляў з'яўляецца досыць перспектыўным і хутка расце.

Адзначаецца, што асноўны спажывец гэтай паслугі — насельніцтва — атрымае магчымасць зараджаць аўтамабіль самастойна ў хатніх умовах ці ж атрымліваць паслугу па зарадцы аўтамабіля на зарадных станцыях.

Тарыф на электрычную энергію будзе падлягаць індэксацыі на змяненне курсу беларускага рубля да долара ЗША ў адпаведнасці з заканадаўствам.

"Рашэнне аб усталяванні тарыфу на электрычную энергію накіравана на стымуляванне спажывання электраэнергіі электрамабілямі і, як следства, замяшчэнне спажывання нафтапрадуктаў, якія вырабляюцца з імпартнай нафты, электраэнергіяй, выпрацаванай на айчынных электрастанцыях, у тым ліку БелАЭС", — паведамілі ў прэс-службе.

Там таксама адзначылі, што дзяржаўнаму рэгуляванню будзе падлягаць толькі сам тарыф на электрычную энергію, а кошт паслуг па зарадцы аўтамабіляў будзе вызначацца гаспадарчым суб'ектам самастойна.

Нагадаем, што першы эксперыментальны беларускі электрамабіль, пабудаваны на базе седана Geely, быў прадстаўлены ў жніўні 2017 года.

Стужка навiн
0