МІНСК, 28 кра — Sputnik. Горад Пінск Брэсцкай вобласці атрымае статус "Культурная сталіца" ў 2019 годзе, адпаведнае рашэнне было прынята на калегіі міністэрства культуры Беларусі.
Пінск — трэці па велічыні горад Брэсцкай вобласці з насельніцтвам 138 тысяч чалавек, у 2017 годзе ён адсвяткаваў 920-годдзе.
"Па захаванасці старажытнай планіроўкі, наяўнасці помнікаў архітэктуры, горадабудаўніцтве і гісторыі Пінск лічыцца адным з унікальных гарадоў Беларусі: у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей краіны ўключана 186 такіх аб'ектаў. Асаблівую значнасць уяўляе гістарычны цэнтр горада, дзе 163 аб'екты ўтвараюць унікальны горадабудаўнічы помнік рэспубліканскага значэння", — падкрэслілі ў прэс-службе міністэрства.
Плануецца, што на працягу года у Пінску будзе рэалізавана вялікая колькасць праектаў, пройдуць канцэрты лепшых творчых калектываў, фестывалі, конкурсы, выставы абласнога, рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўняў.
Рэспубліканская акцыя "Культурная сталіца года" праводзіцца ў Беларусі з 2010 года. Першым статус культурнай сталіцы атрымаў горад Полацк, пасля яго ганаровае званне насілі Гомель, Нясвіж, Магілёў, Гродна, Брэст, Маладзечна, Бабруйск і Наваполацк.