Аматары матацыклаў Harley-Davidson традыцыйным маштабным мерапрыемствам адкрылі мотасезон 29 красавіка.
У гэтым годзе фестываль H.O.G. Spring Challenge сабраў больш за шэсць тысяч байкераў з больш чым 10 краін свету, у тым ліку краінаў Балтыі і Заходняй Еўропы.
Старт знакамітых "Харлеяў" пачаўся а 12-й каля мемарыяльнага комплексу "Курган Славы". Рух працягваўся па аўтадарозе М2 (Мінск-Слабада-Навасады), пасля чаго калона праехала па галоўных сталічных праспектах — Незалежнасці і Пераможцаў.
Канчатковай кропкай байкераў стаў "Дом футбола", дзе гасцей і жыхароў сталіцы чакала бясплатная культурна-забаўляльная праграма: унікальнае шоу сусветных зорак Moto Freestyle і трукі на матацыклах Harley-Davidson. Таксама ў распараджэнні гараджан быў фудкорт.
Акрамя таго, у фестывалі прымаюць удзел зоркі эстрады: гурты Groove Dealers, Aillion, "Янкі", "J:МОРС", Nuteki і іншыя. Мерапрыемствы працягнуцца да вечара, а завершыцца ўсё святочным салютам а 21-й.
Як міжнародны фестываль H.O.G. Spring Challenge 2018 стартаваў у Мінску, глядзіце на відэа.