Новы кліп караля расійскай эстрады Філіпа Кіркорава "Колер настрою сіні" актыўна абмяркоўваецца ў апошнія дні. Колькасць праглядаў у відэа ўжо перавысіла 13 мільёнаў, шмат "хайпа" яно нарабіла і ў Instagram. Выканаўца адной з роляў у кліпе, беларус Мікіта Варыёнчык, распавёў Sputnik пра свае ўражанні ад здымак.
"У маскоўскае мадэльнае агенцтва, з якім я супрацоўнічаю, прыйшоў запыт ад цэнтра Івана Урганта — шукалі хлопцаў з незвычайнай знешнасцю. Я падаў заяўку, праз нейкі час мяне зацвердзілі", — так распавёў Мікіта аб тым, як трапіў у кліп Кіркорава.
Праца на пляцоўцы была досыць напружанай, прызнаўся суразмоўца агенцтва. Усяго здымкі працягваліся пяць дзён, на якія прыйшоўся адзін выхадны.
"Здымкі займалі час па-рознаму. У адзін дзень — некалькі гадзін, у другі, калі на пентхаусе здымалі, амаль суткі працавалі", — дадаў Мікіта.
Акцёрам часта даводзілася чакаць. "Чакалі зорак — яны спазняліся на паўгадзіны ці на гадзіну, потым некаторыя павольна працавалі. Нам гэта не вельмі падабалася. Але я разумею, чаму яны так рабілі — бо ўсе адзін аднаму таксама хацелі нешта паказаць", — растлумачыў Варыёнчык.
"Калі мы здымалі на паркінгу з Цімаці, было такое: ён прыехаў на Bentley, а следам за ім — два Gelandewagen з ахоўнікамі. Пацешна было, бо паркінг фактычна быў перакрыты, і столькі аховы не спатрэбілася", — дадаў малады акцёр.
Аб рабоце на адной пляцоўцы з зоркамі — Філіпам Кіркоравым, Янай Рудкоўскай, Вольгай Бузавай, Мікалаем Баскавым і іншымі — Варыёнчык адзываецца спакойна.
"Як такога эмацыйнага водгуку не было, і мы з імі амаль не размаўлялі. Па Кіркораву відаць, што ён — зорка, так ён сябе вядзе. Бузава таксама падобная. Нават па сыну Рудкоўскай, які таксама здымаўся, было адразу відаць — ён з вельмі добрай сям'і. А вось з Аляксандрам Гудковым нармальна размаўлялі — ён часта жартаваў, падколваў. Абмяняліся нават кантактамі, перапісваемся", — прызнаўся Мікіта.
Сам кліп Варыёнчыку спадабаўся. Амаль адразу пасля з'яўлення відэа яму пачало прыходзіць вельмі шмат паведамленняў — знаёмыя цікавіліся, ці гэта ён зняўся ў Кіркорава. Больш стала і падпісчыкаў у Instagram.
"Калі хадзіў на андэграундную вечарыну "Басота", нават там пыталіся, ці я гэта. Праўда, пакуль такога не было, каб на вуліцы хтосьці падыходзіў і пытаў", — сказаў на заканчэнне Мікіта.