Сюжэт фільма "Сабібор" заснаваны на рэальных падзеях і распавядае пра адзінае за ўсю гісторыю Другой сусветнай вайны паспяховае паўстанне ў нацысцкім лагеры смерці, якое ў кастрычніку 1943 года ўзначаліў савецкі афіцэр Аляксандр Пячэрскі. Падзеі, пра якія распавядае кінастужка, адбываюцца на тэрыторыі Польшчы, менавіта таму сусветная прэм'ера фільма адбылася напрыканцы красавіка ў Варшаве.
Фільмы на падобныя тэмы павінны, як мінімум, не пакідаць гледачоў раўнадушнымі, перакананы рэжысэр фільма "Сабібор" і выканаўца галоўнай ролі Канстанцін Хабенскі. Падобныя гісторыі нельга распавядаць ментарскім тонам, нельга з "халодным носам" чытаць лекцыі пра пакуты людзей, трэба максімальна ўключыцца самому і падключыць да гэтага хвалявання глядацкую залу.
"Любая тэма, якая тычыцца людзей, далікатная, усё астатняе — гэта "кумачовыя" рэчы. Мне здавалася, што на піку чалавечага існавання, на мяжы магчымасці праз 5 секунд не жыць чалавек праяўляецца максімальна. Ён максімальна празрысты у гэты момант, і гэтая гісторыя дае ўсе магчымасці паказаць людзей", — распавядае Хабенскі.
Па словах рэжысёра, фільм "Сабібор" арыентаваны на людзей, якія ўмеюць адчуваць, суперажываць і не хаваць праявы сваіх пачуццяў, незалежна ад іх узросту. Прычым, як прызнаецца Хабенскі, першапачаткова ён не планаваў брацца за рэжысёрскую працу, але "так сышліся зоркі".
"Я дастаткова добра сябе адчуваў у якасці акцёра, але, мабыць, тыя веды і разуменне, якія я набыў, звяртаючыся да людзей, якія па праве могуць звацца рэжысёрамі, бліскучымі аператарамі і мастакамі, сталі нейкімі базавымі, і я вырашыў увайсці ў гэтую ваду і паспрабаваць свае сілы. Гэта не значыць, што я заўтра прыступаю да здымкаў новага фільма. Не. Але максімум пачуццяў, думак і разумення, якія сёння ў мяне ёсць, я ўклаў. Я лепш не магу. На сёння", — адзначае Хабенскі.
Фрагмент гутаркі з вядомым расійскім акцёрам і рэжысёрам ваеннай драмы "Сабібор" Канстанцінам Хабенскім слухайце на радыё Sputnik Беларусь.