МІНСК, 5 мая — Sputnik. Мінчанка Марыя Васілевіч атрымала карону конкурсу "Міс Беларусь — 2018" ад дзеючай міс Паліны Барадачовай, перадае карэспандэнт Sputnik.
Конкурс прыгажосці, які прайшоў у Мінску, наведаў прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Вядучымі конкурсу былі акцёр Дзмітрый Мухін і спявачка Ганна Шаркунова.
Дзеючая міс Беларусь параіла Васілевіч годна прадстаўляць краіну на сусветным конкурсе. Пераможцы таксама ўручылі кветкі ад прэзідэнта, ключы ад пазадарожніка Geely Atlas, завушніцы з дыяментамі і карону.
Першай віцэ-міс стала Маргарыта Мартынава, яна прадставіць Беларусь на адным з міжнародных конкурсаў прыгажосці, другой — Анастасія Лаўрэнчук.
Узнагародную стужку "Міс дружба" перадалі Ксеніі Ясельскай: яе абралі ўдзельніцы конкурсу як верную сяброўку. Міс глядацкіх сімпатый стала Марыя Первій, міс топ-мадэль — Дыяна Астапчык. Тытул міс фота з правам зняцца ў фільме аднаго з членаў журы — Дзмітрыя Астрахана — атрымала Караліна Барысевіч.
Па сцэнары кожны нумар двухгадзіннага конкурсу дэманстраваў характар пэўнай стыхіі, аўтары ідэі хацелі, каб паветра асацыявалася з любоўю да мастацтва і лёгкасцю, зямля — з сувяззю з каранямі, агонь — з інтэлектам і актыўным ладам жыцця, а вада — з мяккасцю характару. У шоу ў танцы закранулі тэму малой радзімы. Удзельніцы выйшлі ў адным з пяці дэфіле ў нацыянальных беларускіх строях.