МІНСК, 7 мая — Sputnik. Урачысты старт міжнароднаму песеннаму конкурсу "Еўрабачанне", які праводзіцца ўжо ў 63-ы раз, быў дадзены ў нядзелю ў партугальскай сталіцы, паведамляецца на сайце конкурсу.
Удзельнікі конкурсу прайшлі па блакітнай дывановай дарожцы на ўзбярэжжы ракі Тэжу каля Музея мастацтва, архітэктуры і тэхналогіі. Раней паведамлялася, што тэма "Еўрабачання" ў 2018 годзе прысвечана акіяну, таму арганізатары вырашылі замяніць традыцыйную чырвоную дарожку на блакітную.
Ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця прынялі ўдзел прэзідэнт Партугаліі Марселу Ребел ды Соза і міністр культуры Луіс Фэліпэ Кастра Мендэс.
Сёння ў Алціс-Арэне, дзе праходзіць конкурс, пройдуць дзве рэпетыцыі выканаўцаў. Першы паўфінал адбудзецца 8 мая, другі — 10 мая, а пераможца стане вядомы 12 мая.
Партугалія прымае "Еўрабачанне" ўпершыню. Права на правядзенне конкурсу яна атрымала пасля перамогі прадстаўніка гэтай краіны Сальвадора Сабрала на конкурсе ў 2017-ім годзе.
Нагадаем, што Беларусь у гэтым годзе прадставіць украінец Alekseev, ён выступіць 8 мая пад нумарам 8 з песняй на англійскай мове Forever. Прадстаўніца Расіі Юлія Самойлава з песняй I Will not break праспявае ў другім паўфінале пад шостым нумарам.
Фаварытамі "Еўрабачання 2018" букмекеры называюць прадстаўнікоў Ізраіля, Нарвегіі і Эстоніі. Выканаўцу з Беларусі адводзяць 20-е месца ў агульным рэйтынгу.