МІНСК, 8 мая — Sputnik. Беларуская зборная заваявала 25 медалёў за чатыры дні Гімназіяды-2018, якая праходзіць у гэтыя дні ў Марракешы і Касабланцы, паведамілі Sputnik у прэс-цэнтры Міністэрства адукацыі рэспублікі.
Беларускія школьнікі выступаюць на спаборніцтвах у сямі відах спорту: фехтаванні, вольнай барацьбе, лёгкай атлетыцы, тэнісе, боксе, мастацкай гімнастыцы і плаванні.
Ужо за чатыры дні Гімназіяды рабяты заваявалі 25 узнагарод: пяць залатых медалёў, сем сярэбраных і 13 бронзавых.
Новыя залатыя ўзнагароды Беларусі сёння прынеслі маладыя плывуны. Так, чэмпіёнкай на дыстанцыі 200 м комплексным плаваннем стала Анастасія Васкевіч, а залаты медаль на дыстанцыі ў 50 метраў батэрфляем заваяваў Іван Шамшурын.
Сусветная летняя гімназіяда працягнецца да серады. Беларускія школьнікі змагаюцца на спаборніцтвах з трыма тысячамі спартсменаў з 59 краін. Рэспубліку на спаборніцтвах прадстаўляюць 42 маладых атлета.