МІНСК, 8 мая — Sputnik. Гарадскія ўлады ўзгаднілі правядзенне "Бессмяротнага палка" на Дзень Перамогі ў Мінску, заявіў Sputnik кіраўнік арганізацыі "Русь маладая" Сяргей Лушч.
Мінгарвыканкам у панядзелак адмовіў у правядзенні "Бессмяротнага палка" іншаму заяўніку акцыі — дэпутат Палаты прадстаўнікоў Беларусі 1-га склікання Валерый Драка. Зрэшты, заяўку на шэсце 9 мая падавала і арганізацыя "Русь маладая".
У аўторак кіраўнік арганізацыі сустрэўся са старшынёй Мінгарвыканкама Андрэям Шорцам. "На сустрэчы прыйшлі да поўнага паразумення", — адзначыў Лушч.
Сталічныя ўлады дазволілі правесці "Бессмяротны полк", аднак з невялікімі зменамі па часе. Так, збор удзельнікаў шэсця пройдзе з дзевяці да дзесяці раніцы на пляцоўцы каля Белдзяржфілармоніі ў Мінску.
"Затым мы па пешаходнай частцы дойдзем да Плошчы Перамогі, пройдзем праз кантрольна-прапускныя пункты і далучымся да рэспубліканскай акцыі "Беларусь памятае", — распавёў арганізатар акцыі.
Акцыя "Бессмяротны полк" стала адной з традыцый Дня Перамогі, сёння яна праводзіцца ў дзясятках краінах свету. Сутнасць шэсця ў тым, што людзі выходзяць з партрэтамі сваякоў, якія ваявалі ў часы Вялікай Айчыннай.