МІНСК, 11 мая — Sputnik. Міністэрства адукацыі вызначыла пералік алімпіяд, пасля перамогі ў якіх можна паступаць у беларускія ВНУ без экзаменаў, адпаведнае рашэнне ведамства было апублікавана ў пятніцу.
Спіс алімпіяд, пасля перамогі ў якіх паступіць у ВНУ можна без іспытаў, ад леташняга не адрозніваецца. У яго па-ранейшаму ўваходзяць 11 міжнародных спаборніцтваў:
- 59-я Міжнародная матэматычная алімпіяда — 2018 год, Румынія;
- 52-я Міжнародная Мендзялееўская алімпіяда школьнікаў па хіміі — 2018 год, Беларусь;
- 50-я Міжнародная хімічная алімпіяда — 2018 год, Славакія і Чэхія;
- 49-я Міжнародная фізічная алімпіяда — 2018 год, Партугалія;
- 29-я Міжнародная біялагічная алімпіяда — 2018 год, Іран;
- 15-я Міжнародная геаграфічная алімпіяда — 2018 год, Канада;
- 7-я Еўрапейская матэматычная алімпіяда для дзяўчат — 2018 год, Італія;
- 12-я Міжнародная алімпіяда па навуках аб Зямлі — 2018 год, Тайланд;
- 14-я Міжнародная Жаўтыкоўская алімпіяда па фізіцы, матэматыцы і інфарматыцы — 2018 год, Казахстан;
- 5-я Міжнародная геаграфічная алімпіяда школьнікаў краін Балтыйскага рэгіёну — 2018 год, Латвія;
- Алімпіяда школьнікаў Саюзнай дзяржавы па рускай мове і рускай літаратуры "Расія і Беларусь: гістарычная і духоўная супольнасць" — 2017 год, Беларусь.
Уладальнікі дыпломаў першай, другой і трэцяй ступені гэтых алімпіяд маюць права на залічэнне ў ВНУ без экзаменаў.
Акрамя таго, Міністэрства адукацыі вызначыла спіс прадметаў трэцяга этапу рэспубліканскай алімпіяды, пераможцы якіх маюць права на залічэнне на найбольш запатрабаваныя эканомікай спецыяльнасці таксама без экзаменаў — у спіс патрапілі прадметы ад моў да працоўнага навучання. Пераможцы рэспубліканскіх алімпіяд, якія паступаюць не на "запатрабаваныя эканомікай спецыяльнасці", аўтаматычна лічацца "стобальнікамі" на ЦТ па тым прадмеце, у якім яны перамаглі.