Сусветная прэм'ера канцэрту для цымбалаў з сімфанічным аркестрам адбылася напрыканцы красавіка ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Аўтар канцэрта кампазітар Аляксандр Журбін у інтэрв'ю ў прэс-цэнтры Sputnik прызнаўся, што стварэнне канцэрта стала для яго маштабным творчым эксперыментам — сам аўтар не ўмее граць на цымбалах і раней "цьмяна ўяўляў сабе, што наогул ёсць такі інструмент".
"Мы выпадкова сустрэліся ў Сіднэі з Людмілай Мікольскай, яна вядомы ў Аўстраліі музыкант, але вучылася ў Мінску ў кансерваторыі, а потым з'ехала туды. Яна адыграла для мяне на цымбалах, і мне так гэта спадабалася, што я вырашыў адмыслова для яе напісаць цымбальны канцэрт", — распавёў Журбін.
Па прызнанні суразмоўцы, да стварэння імпрэзы давялося адмыслова рыхтавацца — Аляксандр Журбін праслухаў некалькі цымбальных канцэртаў, напісаных беларускім кампазітарам Дзмітрыем Смольскім, і дзякуючы ім крыху навучыўся пісаць для цымбалаў.
"Атрымалася вельмі цікава. Там ёсць адно месца, дзе сустракаюцца дзве мелодыі. Адна беларуская, а другая аўстралійская, і аказваецца, што яны даволі моцна падобныя, як і ўсялякія фальклорныя мелодыі, яны вясёлыя, і пад іх можна танчыць", — падзяліўся аўтар.
Расійскі кампазітар Аляксандр Барысавіч Журбін — аўтар музыкі да 60 фільмаў і 40 мюзіклаў, лаўрэат усесаюзных і міжнародных прэмій, заслужаны дзеяч мастацтваў РФ, член расійскага Саюза кампазітараў, а таксама саюзаў пісьменнікаў, журналістаў, тэатральных дзеячаў і кінематаграфістаў. Песні на музыку Журбіна ў розныя гады выконвалі шматлікія знакамітыя артысты, у тым ліку Іосіф Кабзон, Мікалай Баскаў, Тамара Гверцытэлі, Мікалай Карачанцаў і Міхаіл Баярскі.
Фрагмент гутаркі з кампазітарам Аляксандрам Журбіным слухайце на радыё Sputnik Беларусь.