МІНСК, 16 мая — Sputnik. Больш за 43 тысячы абітурыентаў ужо зарэгістраваліся для праходжання цэнтралізаванага тэсціравання сёлета, паведаміў Sputnik дырэктар Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў (РІКВ) Юрый Міксюк.
Рэгістрацыя на цэнтралізаванае тэсціраванне пачалася 2 мая і працягваецца да 1 чэрвеня ўключна.
Як паведаміў Sputnik кіраўнік РІКВ, па дадзеных на сераду на тэсціраванне зарэгістраваліся больш за 43 тысячы чалавек.
"Ідзем па дынаміцы мінулага года", — распавёў Міксюк і нагадаў, што ў мінулым годзе ЦТ здавалі больш за дзевяноста тысяч чалавек.
У інстытуце нагадалі: калі вы хочаце здаваць ЦТ, лепш з рэгістрацыяй не зацягваць — бо колькасць месцаў у пунктах правядзення тэцсіравання абмежавана, і, калі вы не паспееце, вам прыйдзецца праходзіць выпрабаванні ў іншым месцы.
Само цэнтралізаванае тэсціраванне пачнецца ў Беларусі з 12 чэрвеня — першым будзе ЦТ па беларускай мове, затым — па рускай і іншых прадметах. Сертыфікаты ЦТ пачнуць выдаваць з 10 ліпеня.