ГОМЕЛЬ, 19 мая — Sputnik. Дзесяціметровы партрэт дзяўчыны з хваёвых шышак адразу зрабіў папулярнай тэрыторыю гарадской бальніцы №3 — на "мастацтва" едуць паглядзець з усяго горада, аўтару жа незвычайнай карціны не даюць спакою журналісты.
"Косця, спачатку паабедаць, кампот абавязкова выпі, а толькі потым давай інтэрв'ю", — раяць 28-гадоваму пацыенту ўрачы і просяць карэспандэнта Sputnik не забываць аб галоўным — бальнічны рэжым ніхто не адмяняў.
Гамяльчанін Канстанцін Кавалёў працуе інжынерам станкоў ЧПУ на "Святлотэхніцы", піша лірычныя вершы і рэп. Ніколі ў жыцці не маляваў, а тут, кажа, штосьці найшло.
Паступіў на лячэнне ў мінулую пятніцу, шукаў, чым сябе заняць і, гледзячы на сасновы лес з 7-га паверха, прыдумаў. У суботу пачаў збіраць сасновыя шышкі. Да раніцы панядзелка на зямлі пад вокнамі бальніцы з'явіўся дзесяціметровы малюнак.
"Сабраў каля сотні еўраоптаўскіх пакетаў шышак. Сам, ніхто мне не дапамагаў. Партрэт рабіў па фотаздымку ў тэлефоне. Так, гэта мая знаёмая дзяўчына. Яна тут працуе, і думаю, ужо пазнала сябе", — падзяліўся падрабязнасцямі Кавалёў.
Па словах Канстанціна, у першую чаргу ён хацеў зрабіць прыемна сваёй знаёмай. Але ёсць яшчэ адно тлумачэнне яго творчаму парыву.
"Вырашыў усім у бальніцы падняць настрой. Напэўна, хтосьці ўсміхнецца, гледзячы ў акно, і гэта стане па-сапраўднаму аздараўленчай працэдурай", — сказаў аўтар незвычайнай карціны.
Таемная муза
Пры гэтым імя сваёй музы Кавалёў не называе.
"Мы цяпер не маем зносінаў, таму я не ведаю, як яна ўспрыняла мой парыў. Раптам у яе хтосьці ёсць, таму давайце не будзем пра гэта", — сышоў ад адказу на галоўнае пытанне суразмоўца Sputnik.
Тым часам адміністрацыя бальніцы падтрымала творчы парыў свайго пацыента: калі да выпіскі ён вырашыць яшчэ пацешыць людзей сваёй творчасцю, яму нават гатовыя дапамагчы сабраць шышкі.