Лічбавыя камеры паўсюдна выціснулі плёнку, і ўсё ж такі яшчэ шмат хто памятае працэс, які нагадвае святадзейства: у цёмным пакоі гарыць чырвоная лямпа, у ванначцы з рэактывамі купаецца белы ліст, на якім чарадзейна праступаюць контуры малюнка, а ўжо гатовыя фатаграфіі сушацца тут ж — на вяровачцы.
У арт-гасцёўні "Высокае мѣста" 18 мая пачаў працу фотапраект "Прывітанне з Мінска", які вяртае нас у эпоху плёнкавай фатаграфіі. Сталіца паўстае тут на чорна-белых здымках будынкамі, якія лёгка пазнаць, і тымі, якія ўжо не знойдзеш на карце.
На першым паверсе можна пазнаёміцца з гісторыяй мінскіх фотакабінетаў і атэлье. Прычым зваротны бок фотакартак не менш цікавы, чым сам здымак: на абароце атэлье размяшчалі сваю рэкламу і спаборнічалі ў вытанчанасці малюнка і надпісаў. Калі прайсці міма фону з лясной палянай, можна апынуцца ў самым сапраўдным фотаатэлье Маісея Напельбаума.
"Усё пачалося з кнігі "Ад рамёствы да мастацтва", дзе Напельбаум апісвае сваё станаўленне, у тым ліку як ён адкрываў атэлье ў Мінску, потым у Маскве, Санкт-Пецярбургу. З'явілася ідэя, якая развівалася і ператварылася ў такі праект. Мы паспрабавалі ўзнавіць яго рабочую зону, кабінет і што ў ім знаходзілася", — расказвае Ганна Ясюк, куратар арт-гасцёўні.
Тут, як і ў фотакабінеце пачатку мінулага стагоддзя, можна прымерыць розныя касцюмы і папазіраваць у іх на маляўнічым фоне.
У "чырвоным пакоі" арт-гасцёўні ўзноўлены працэс праяўкі фатаграфій, паказаны неабходныя для яго прыборы, інструменты і рэагенты. Прадстаўлены старыя фотаапараты вядомых марак: Kodak, Voigtländer, ANSCO-AGFA і іншых. Тут можна зазірнуць у стэрэаскоп і ўбачыць фатаграфіі "ў 3D-фармаце", а таксама апрабаваць на сабе копфгалтар (галаватрымацель).
"Ён патрэбен, каб чалавек не варухнуўся падчас здымкі, — тлумачыць Ганна Ясюк. — Копфгалтар рэгуляваўся па акружнасці галавы, і чалавек сядзеў абсалютна нерухома пяць, дзесяць хвілін — у старых фотаапаратаў была вельмі доўгая вытрымка".
Сёння, падчас "Ночы музеяў", арт-гасцёўня стане адной з пляцовак квэста "Музейны дэтэктыў": акрамя арт-гасцёўні "Высокае мѣста", удзельнікам трэба будзе наведаць таксама Мастацкую галерэю Міхаіла Савіцкага, Гарадскую мастацкую галерэю твораў Л. Д. Шчамялёва, Мінскую гарадскую ратушу, Археалагічны музей і экспазіцыі "Мінская конка" і "Карэтная". Каб знайсці нейкі музейны прадмет, удзельнікам квэста трэба будзе да 23:30 сабраць доказы і прайсці няпростыя выпрабаванні. Першыя пяць пераможцаў будуць узнагароджаны: той, хто заняў першае месца атрымае магчымасць правесці рамантычнае спатканне на даху галерэі Савіцкага, другое — падняцца на вежу мінскай ратушы, астатнія прызёры атрымаюць сертыфікаты на экскурсіі і наведванне экспазіцый. Акрамя таго, наведвальнікаў арт-гасцёўні чакаюць прызы за лепшае фота ў "Інстаграм", зробленае ў фотазоне.
Адзіны квіток у сем музеяў коштам 5 рублёў можна набыць у касах галерэі Міхаіла Савіцкага, гарадской ратушы, Археалагічнага музея і галерэі твораў Л. Д. Шчамялёва.