МІНСК, 20 мая — Sputnik. На Ладажскім возеры, у раёне "Дарогі жыцця", сёння пачалася унікальная аперацыя па ўздыме флагмана Ладажскай флатыліі — вартавога карабля "Пурга", перадае карэспандэнт Sputnik Беларусь з месца падзей.
Вартавік прыняў свой апошні бой у 1942 годзе ў раёне маяка Асінавецкі. Пасля налёту нямецкай авіяцыі выратаваць карабель савецкія матросы не змаглі, ён затануў. Загінулі 11 чалавек, 28 атрымалі раненні.
"Пургу" некалькі разоў паднімалі ў 1942 і 1943 гадах: спачатку здымалі ўзбраенне, а потым часткі хадавых механізмаў для іншых караблёў гэтага класа. У рэшце рэшт былы флагман Ладажскай флатыліі адбуксіравалі ў бухту Мар'е, дзе з карабля знялі турбіны і катлы. Пасля гэтага аб "Пурге" надоўга забыліся.
Успомнілі пра флагман толькі пасля вайны, калі гісторыя блакады Ленінграда стала даступная для вывучэння. Роля Ладажскай флатыліі ў "Дарозе жыцця" была вельмі вялікая, большая частка грузаў для абложанага горада дастаўлялася менавіта караблямі. Але ўсім запомніліся толькі кадры хронікі, калі па Ладажскім лёдзе прарываюцца грузавікі.
Калі вырашылі ўвекавечыць у тым ліку памяць і пра ваенных маракоў, аказалася, што знайсці "Пургу" вельмі няпроста. Дно Ладагі ў гэтым месцы "звініць" на прыборах так, што нават ведаючы месца затаплення амаль 100-метровага судна, пашукавікі да сённяшняга дня не маглі яго знайсці. Апошнія шэсць гадоў у пошуках "Пургі" ў Ладажскае возера апускаўся вядомы беларускі вадалаз Ігар Мацюк. І толькі яму пашанцавала знайсці тое, што засталося ад вартавога карабля.
Практычна адразу ж і нарадзілася ідэя зрабіць з флагмана помнік усім караблям Ладажскай флатыліі. Яго збіраюцца ўсталяваць у музеі "Дарогі жыцця" менавіта ў тым месцы, дзе яна з возера выходзіла на сушу.
Знакаміты Пецярбуржскі рэстаўратар і архітэктар Рафаэль Даянаў прапануе выкарыстоўваць для помніка арыгінальныя часткі карабля.
"Трагічная гісторыя блакады Ленінграда павінна быць вядомая ўсім. На жаль, мы да гэтага часу яшчэ знаходзім астанкі абаронцаў горада, і наш святы абавязак не толькі іх належным чынам пахаваць, але і ўвекавечыць памяць пра іх", — перакананы суразмоўца Sputnik Беларусь.
Па творчай задумцы помнікам павінна стаць насавая частка легендарнага карабля, якую і падыме са дна Ладагі Ігар Мацюк.
Сёння ён зафіксаваў дакладнае месца залягання судна і пачаў практычную падрыхтоўку да гэтага, напэўна, самага скаладанага свайго ўздыму.
"На дне прыйдзецца з ювелірнай дакладнасцю аддзяліць часткі будучага помніка ад судна, але ўсё роўна некаторы элементы будуць вышынёй больш за шэсць метраў. І гэта пры сталым хваляванні ў акваторыі возера", — расказаў вадалаз.
Не выключана, што гэтая аперацыя стане першай у серыі ўздымаў на Ладазе, якія папоўняць калекцыю музея блакады Ленінграда. Вакол карабля ўжо знойдзена мноства артэфактаў перыяду Вялікай Айчыннай вайны, якія чакаюць вывучэння. А "Пурга" зойме годнае месца ў прамым і пераносным сэнсе на п'едэстале гісторыі.