МІНСК, 20 мая — Sputnik. Рэгіянальны фінал міжнароднага тэхналагічнага конкурсу Imagine Cup 2018 адбыўся ў Мінску ў суботу, 19 мая.
У ім прынялі ўдзел 12 каманд з шасці краін: Беларусі, Азербайджана, Казахстана, Грузіі і Украіны. Раней яны занялі першыя і другія месцы ў нацыянальных фіналах.
У суботу каманды прадстаўлялі свае праекты журы і змагаліся за прызавыя месцы.
Лепшай апынулася каманда з Беларусі SlutskTeam. Менавіта яна прадставіць нашу краіну на міжнародным фінале конкурсу ў Сіэтле (ЗША) і пазмагаецца за галоўны прыз — 100 тысяч долараў.
У мінулым годзе лідэрства таксама было за беларусамі.
На выступ кожнай каманды было адведзена не больш за сем хвілін. Хлопцы расказвалі пра праекты на англійскай мове з прэзентацыямі ў Power Point і дэмаверсіямі сваіх распрацовак у сферы штучнага інтэлекту, дапоўненай рэальнасці і вялікіх дадзеных.
Беларусь прадстаўлялі дзве каманды: SmartLamp з праектам "разумнай" святлодыёднай лямпы і SlutskTeam, якая прадэманстравала сістэму TheBestConsultant для паляпшэння сферы абслугоўвання.
Imagine Cup — гэта адзін з найбуйнейшых міжнародных тэхналагічных конкурсаў сярод таленавітай моладзі. У 2018 годзе ён прайшоў у 16-ы раз.