МІНСК, 22 мая — Sputnik. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў аўторак разгледзеў кадравыя пытанні, паведамілі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.
Прэзідэнт прызначыў шэраг паслоў, рэктараў і іншых кіраўнікоў, а таксама даў згоду на прызначэнне кіраўнікоў ва ўніверсітэты, міністэрствы і раённыя выканаўчыя камітэты.
Новыя дыпламаты
Прэзідэнт прызначыў новага Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла ў Швецыі — ім стаў былы кіраўнік упраўлення інфармацыі і лічбавай дыпламатыі МЗС Беларусі Дзмітрый Мірончык.
Дыпламат добра знаёмы беларусам — у ролі афіцыйнага прадстаўніка ведамства ён неаднаразова выступаў з заявамі ў СМІ.
Аляксандр Лукашэвіч прызначаны Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом у Балгарыі і па сумяшчальніцтве ў Грэцыі і на Кіпры. У Эстоніі прадстаўляць рэспубліку будзе Вячаслаў Качанаў.
Акрамя таго, кіраўнік дзяржавы прызначыў паслом Чылі па сумяшчальніцтве Уладзіміра Астапенку, які ўжо працуе ў Аргенціне і Уругваі.
Пастаянным прадстаўніком Беларусі пры Асацыяцыі дзяржаў Паўднёва-Усходняй Азіі (АСЕАН) па сумяшчальніцтве стаў Уладзімір Калеснік — пасол рэспублікі ў Інданезіі.
Новыя рэктары
Былы старшыня Вышэйшай атэстацыйнай камісіі (ВАК) Беларусі Генадзь Пальчык будзе кіраваць Акадэміяй кіравання пры прэзідэнце.
Акрамя таго, Лукашэнка даў згоду на прызначэнне першага намесніка міністра адукацыі Вадзіма Богуша рэктарам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі (БДУІР).
Брэсцкі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт узначаліў Аляксандр Драган, які працаваў раней дэканам аднаго з факультэтаў.
Яшчэ адна навінка ў сферы адукацыі і навукі — гендырэктарам ДНВА "Навукова-практычны цэнтр НАН Беларусі па біярэсурсах" стаў Аляксандр Чайкоўскі.
Змены ў выканаўчай уладзе
Змены будуць і ў двух раёнах Беларусі. Так, прэзідэнт даў згоду на прызначэнне кіраўніком Кобрынскага райвыканкама Міхаіла Грышкевіча.
Ляхавіцкім райвыканкамам будзе кіраваць Аляксандр Камінскі.
Адбыліся змены і ў міністэрствах. Так, Павел Лёгкі прызначаны першым намеснікам міністра інфармацыі.
Акрамя таго, прызначаны кіраўнікі шэрагу дэпартаментаў: дырэктарам Дэпартамента па каштоўных паперах Мінфіна стаў Аляксандр Красінскі, кіраўніком Дэпартамента кантролю і нагляду за будаўніцтвам Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі стаў Ігар Гусеў.
Новым кіраўніком спраў Брэсцкага аблвыканкама будзе Георгій Хвалько.
Таксама прэзідэнт прызначыў намеснікам старшыні Белтэлерадыёкампаніі тэлевядучага і кіраўніка АТН Сяргея Гусачэнку.