МІНСК, 22 мая — Sputnik. Часовыя абмежаванні ўсіх відаў транспарту будуць уводзіцца на ўчастку МКАД з 22 мая па 14 чэрвеня з-за трэніровак механізаванай калоны да парада ў гонар Дня Незалежнасці, паведамілі ў аўторак у "Мінсктрансе".
Ваенны парад традыцыйна пройдзе ў Мінску ў Дзень Незалежнасці — 3 ліпеня. Зрэшты, для мінчан пачынаюцца такія "парады" ўжо за паўтара месяцы — з-за трэніровак і рэпетыцый рух на некаторых вуліцах перыядычна абмяжоўваюць.
Як паведамілі ў аўторак у "Мінсктрансе", з 22 мая па 14 чэрвеня на аэрадроме "Ліпкі" будуць праводзіцца трэніроўкі механізаванай калоны. Ехаць туды і назад яна будзе па маршруце: вуліца Заснавальнікаў, вуліца Скарыны, МКАД, аэрадром.
Баявыя машыны на гусенічным хаду будуць праязджаць па вуліцы Заснавальнікаў, затым — па віядуку праз ЖД-пуці, пасля чаго — па лясной дарозе да "Ліпак".
"У сувязі з гэтым у перыяд перамяшчэння тэхнікі механізаванай калоны па трасе па ўказанні супрацоўнікаў сталічнай Дзяржаўтаінспекцыі будуць уведзены часовыя абмежаванні руху ўсіх відаў транспарту", — распавялі на прадпрыемстве.
Механізаваная калона для трэніровак будзе хадзіць 22 і 29 мая, а таксама 5 і 12 чэрвеня ў пяць раніцы. З аэрадрома "Ліпкі" калона будзе вяртацца 24 і 31 мая, а таксама 7 і 14 чэрвеня, а 20:00.
Праходжанне калоны будзе складаць каля паўгадзіны — менавіта на гэты час рух на ўчастках дарог і будуць абмяжоўваць. Расклад рэпетыцый параду яшчэ не апублікаваны, таму казаць пра тое, калі рух будуць перакрываць ў цэнтры Мінска, рана.