МІНСК, 23 мая — Sputnik. Больш за 8 тысяч мінскіх выпускнікоў 11-х класаў прымуць удзел у рэспубліканскім свяце "Апошні званок", якое пройдзе 30 мая ў шматфункцыянальным культурна-спартыўным комплексе "Мінск-Арэна", паведаміла начальнік аддзела выхаваўчай і ідэалагічнай працы камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Ганна Рысявец.
Ад удзелу ў агульнарэспубліканскім свяце адмовіліся каля 2 тысяч выпускнікоў з-за таго, што загадзя спланавалі адзначыць апошні званок па-іншаму.
"Крыху больш за дзве тысячы дзяцей у нас узгаднілі выязныя экскурсійныя праграмы. Ламаць сфарміраваную праграму ніхто не будзе, таму што для кожнага дзіцяці свята павінна адбыцца", — патлумачыла Рысявец.
Яна ўстрымалася ад падрабязнага аповяду пра тое, якія сюрпрызы чакаюць выпускнікоў на рэспубліканскім свяце ў "Мінск-Арэне". Паведаміла толькі, што ўжо на подступах да асноўнага месца правядзення ўрачыстасцяў будуць арганізаваны тэматычныя пляцоўкі і фотазоны.
У свяце прымуць удзел выпускнікі 11-х класаў з усёй рэспублікі. Гасцей з рэгіёнаў плануецца размясціць у сталічных установах адукацыі.
"На базе ўстаноў адукацыі будуць размешчаны рэгіянальныя дэлегацыі. Для іх пасля заканчэння свята будзе арганізавана пражыванне і харчаванне. Каб дзеці маглі спакойна адпачыць і раніцай адправіцца ў дарогу", — распавяла Рысявец.
Свята ў "Мінск-Арэне" адбудзецца ў другой палове дня, а раніцай з 10:00 да 11:00 ва ўсіх школах Мінска пройдуць урачыстыя лінейкі.
Адзінаццаты клас у гэтым годзе ў Мінску аканчваюць каля 10 тысяч чалавек, яшчэ каля 15 тысяч чалавек аканчваюць курс базавай адукацыі (9 класаў).