Беларусь заняла пятае месца ў медальным заліку на ЧС па муай-тай

© Photo : Белорусская федерация кикбоксинга и таиландского боксаЧэмпіёнка свету па муай-тай Алёна Ляшкевіч
Чэмпіёнка свету па муай-тай Алёна Ляшкевіч - Sputnik Беларусь
Падпісацца
На Чэмпіянаце свету па муай-тай, які прайшоў у Мексіцы, беларускія спартсмены заваявалі восем медалёў: два залатыя, тры срэбраныя і тры бронзавыя.

МІНСК, 24 мая — Sputnik. Каманда Беларусі заняла пятае месца ў медальным заліку на Чэмпіянаце свету па муай-тай, які праходзіў у Мексіцы з 10 па 19 мая, паведамілі Sputnik у Беларускай федэрацыі кікбоксінгу і тайландскага боксу.

"У чэмпіянаце прынялі ўдзел больш за 500 спартсменаў з 82 краін. Беларусь прадстаўлялі 11 байцоў. Ва узнагародным заліку наша зборная заняла пятае месца, саступіўшы Расіі, Тайланду, Украіне і Швецыі. Але па суадносінах удзельнікаў каманды да заваяваных медалёў мы падзялілі трэцяе месца з Украінай, саступіўшы толькі Расіі і Тайланду", — распавёў галоўны трэнер нацыянальнай зборнай каманды па ўсходніх адзінаборствах, заслужаны трэнер Беларусі Міхаіл Сцяпанаў.

Усяго беларускія спартсмены заваявалі восем медалёў: два залатыя, тры срэбраныя і тры бронзавыя. Чатыры медалі заваявала жаночая частка каманды і яшчэ чатыры — мужчынская.

Чэмпіёнкай свету ў вагавой катэгорыі да 45 кілаграмаў стала інструктар па спорце першай катэгорыі спартовай каманды ўнутраных войскаў старшы сяржант Алёна Ляшкевіч. Бронзавыя медалі заваявалі інструктары па спорце каманды ўнутраных войскаў старшына Марыя Валент, Марыя Белуш і Дыяна Емяльянава.

Першае месца ў катэгорыі да 67 кілаграмаў заняў чэмпіён свету 2017 года Зміцер Варэц. Срэбраныя медалі атрымалі Мікалай Свядомскі, Андрэй Кулебін і Яўгеній Лашэўскі.

"Я не лічу гэты чэмпіянат няўдалым. Усе байцы выклаліся па максімуму, часам робячы немагчымае ва ўмовах кароткай кліматычнай і часовай адаптацыі. Зараз разглядаецца пытанне аб правядзенні штогадовых трэніровачных збораў непасрэдна ў Тайландзе, як гэта практыкуюць каманды той жа Расіі ці Украіны. А наперадзе ў нашай зборнай чэмпіянат Еўропы, які пройдзе 29 чэрвеня ў Празе", — падвёў вынік выступлення беларускай каманды на Чэмпіянаце свету старшыня беларускай федэрацыі кікбоксінгу і тайландскага боксу, намеснік міністра ўнутраных спраў — камандуючы ўнутранымі войскамі генерал-маёр Юрый Караеў.

Стужка навiн
0