ГРОДНА, 24 мая — Sputnik, Іна Грышук. Помнік вядомаму палкаводцу ВКЛ і каменданту Гродзенскага замка ўсталявалі ў цэнтры Гродна 24 мая.
Помнік дзяржаўнаму дзеячу сімвалічна паставілі на пляцоўцы каля Старога і Новага замкаў. Ён выраблены з рэдкага светла-шэрага граніту, які прывезлі з Башкартастана. Давыд Гарадзенскі паказаны верхам на кані. У правай руцэ ён трымае меч, у левай — крыж як сімвал хрысціянства.
Каля падножжа намаляваны Гродзенскі замак, які неаднаразова абараняў ваявода. З адваротнага боку — Каложская царква, каля сцен якой, паводле легенды, пахавалі Давыда Гарадзенскага. Фігура наезніка прыкладна два з паловай метры вышынёй, яе вага — каля дзевяці тон. Яна ўстаноўлена на паўтараметровым п'едэстале.
Зрабілі помнік па замове Гродзенскай епархіі Беларускай праваслаўнай царквы, грошы на выраб ахвяраваў мецэнат Анатоль Карабач. Вырабам манумента займаўся сталічны скульптар Сяргей Арганаў, які ў пачатку мінулага года выйграў конкурс эскізных праектаў.
Афіцыйна помнік адкрыюць 1 чэрвеня — у першы дзень Фестывалю нацыянальных культур, які будзе праходзіць у Гродне. Запланавана тэатральнае прадстаўленне з удзелам рыцараў.
Давыд Гарадзенскі — знакавая фігура ў гісторыі ВКЛ у пачатку XIV стагоддзя. У гісторыю ўвайшоў як палкаводзец, які ніколі не прайграў у бітвах з Тэўтонскім ордэнам.
У Гродне пра яго кажуць як пра вялікага абаронцу горада. Ён быў прызначаны кашталянам Гарадзенскага замка — у часы ВКЛ гэта кіраўнік замка, які выконваў некаторыя функцыі суддзі. Ён тройчы абараняў Гродзенскі замак ад крыжаносцаў, хоць у ворага была колькасная перавага.