МІНСК, 28 мая — Sputnik. Шпіталізаваны ў беларускай сталіцы экс-саліст групы Deep Purple Джо Лін Тэрнер ужо ідзе на папраўку і запрашае заўзятараў на свае восеньскія выступы.
Вядомага рокера шпіталізавалі ў мінскую Бальніцу хуткай медыцынскай дапамогі ў сярэдзіне красавіка: у зоркі здарыўся інфаркт. Беларускія лекары выратавалі жыццё і захавалі здароўе музыканта, аднак рэабілітацыя займае заўсёды немалы тэрмін.
Мяркуючы па актыўнасці знакамітасці ў сацыяльных сетках, яму становіцца ўсё лепш. Так, ён публікаваў відэа сваіх практыкаванняў у рамках рэабілітацыі — за кадрам чуваць, як яго падбадзёрвае жаночы голас. Таксама зрабіў фатаграфію Джо Лін Тэрнер і са сваім лекарам-рэабілітолагам.
Апублікаваў рокер у сацыяльных сетках і відэа з заклікам наведаць яго восеньскі тур — Джо Лін Тэрнер і іншыя музыкі выступяць у некалькіх гарадах Еўропы.
Афіцыйна медыкі не камэнтуюць стан здароўя знакамітасці — спасылаюцца на медыцынскую таямніцу. Як доўга Джо Лін Тэрнер прабудзе пад іх пільным кантролем, таксама невядома.
Тэрнер часта бывае ў Мінску як прыватная асоба: ён жанаты на беларусцы, а некалькі гадоў таму нават выказваў жаданне пераехаць у Беларусь на пастаяннае месца жыхарства.