У малой зале канцэртнай залы "Мінск" Зміцер Вайцюшкевіч і "WZ-трыа" прадставяць праграму "Паравiны году" на вершы Алеся Камоцкага. Гэты альбом — адзін з першых у сольнай творчасці музыкі, ён выйшаў 15 гадоў таму.
"Мэта была ў тым, каб проста праспяваць песні на вершы Алеся Камоцкага, але потым пайшлі адчуванні: лета, восень, зіма нейкая, вясна — ідэя сама сабой неяк выратавальна прыйшла. Тэксты, што я ўзяў з самага пачатку, былі напісаны раней, але потым Алесь нешта дапісваў, ці я дасылаў яму нейкую напісаную "рыбу". Я тады быў "зялёны", але нахабны, прагнуў нешта зрабіць у песеннай паэзіі, адышоўшы ад фальклору. Я не моцна тады у паэзіі разумеў, а з Камоцкім было лёгка, мы пасябравалі. Сам ён адмаўляецца спяваць тое, што напісаў і піша для мяне, хоць я яго і прасіў", — распавёў Вайцюшкевіч.
Канцэрт пройдзе ў камерным акустычным фармаце, аркестр Зміцера Вайцюшкевіча 31 мая ператворыцца ў трыа. Праграма "Паравiны году" прагучыць цалкам, аўтар тэкстаў Алесь Камоцкі таксама выйдзе на сцэну як ганаровы госць і заспявае некалькі ўласных песень.
У канцэрце таксама прагучаць кампазіцыі аўтараў розных краін свету ў вершаваным перакладзе Алеся Камоцкага, на аснове якіх Зміцер Вайцюшкевіч стварыў некалькі праграм. Зразумела, будуць і прэм'еры. Канцэрт адбудзецца ў малой зале канцэртнай залы "Мінск" у чацвер 31 мая, пачатак у 19:00.
Гутарку з музыкам і выканаўцам Зміцерам Вайцюшкевічам слухайце ў аўдыёзапісе радыё Sputnik Беларусь.